Вераніка Іванова: Гэта адназначна будзе прызнаннем слабасці ўлады



Адкласці амаль на два гады мясцовую выбарчую кампанію ўладам прапануюць чальцы так званай Канстытуцыйнай камісіі. Абгрунтоўваецца гэта тым, што ўвосень 2023 года, паводле новага галоўнага закона краіны, пройдзе агульны выбарчы дзень у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў. 

 

“Перадусім гэта праява слабасці”, – так пракаментавала ініцыятыву старшыня Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова:

– Можна расцэньваць гэта як фармальнае прызнанне ўлады, што ў краіне захоўваецца надзвычайная сітуацыя, і ў тым, што яны не ўпэўнены, ці ў стане кантраляваць ні толькі думкі, але і знешнія праявы дзейнасці грамадзян. Ёсць вельмі добры выраз пра тое, што чалавека можна прымусіць замаўчаць, але немагчыма прымусіць не думаць. І пры гэтым яны баяцца нават ценю магчымасці таго, каб людзі выбіралі. Гэта адназначна будзе прызнаннем слабасці дзеючай улады.

Яшчэ ў лютым Лідзія Ярмошына прапаноўвала аптымальную дату мясцовай кампаніі – 18 снежня, бо ўжо напачатку 2022 года заканчваюцца паўнамоцтвы сучасных мясцовых Саветаў дэпутатаў. Фармальна апошняе слова за Палатай прадстаўнікоў і асабіста Аляксандрам Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя