Вераніка Іванова: Мы падтрымліваем штаб Аб’яднаных дэмакратычных сіл



За снежань Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” плануе вызначыцца са стратэгіяй і сваім удзелам у кампаніі па правядзенню так званага канстытуцыйнага рэферэндума, – паведаміла старшыня Пінскай партыйнай арганізацыі Вераніка Іванова.

Паводле яе слоў, “грамадоўцы” ўжо маюць папярэдняе бачанне адносна плебісцыту:

– Ёсць папярэдняя пазіцыя сацыял-дэмакратычнай партыі, яна не канчатковая, бо нам яшчэ трэба шэраг сустрэч, дэбатаў, але наша папярэдняя пазіцыя ў тым, што мы падтрымліваем штаб Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Мы згодны з пазіцыяй Латушкі аб тым, каб выстаўляць адзнакі ў абедзвюх графах, таму што мы не прызнаем ні дзейную Канстытуцыю, ні Канстытуцыю тую, якую нам прапануюць.

Па абяцаннях распрацоўшчыкаў зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю, ў публічнай прасторы праект новай рэдакцыі галоўнага закона краіны павінен з’явіцца напачатку снежня. На днях Лукашэнка заявіў, што праект амаль гатовы для грамадскага абмеркавання.

Беларускае Радыё Рацыя