Вераніка Цапкала з дзецьмі знаходзіцца ў Кіеве



Паплечніца Святланы Ціханоўскай Вераніка Цапкала знаходзіцца ва Украіне, паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы штаба Валерыя Цапкалы Аляксей Урбан.

Паводле яго слоў, Вераніка з дзецьмі ўсю ноч правяла на расійска-ўкраінскай мяжы — іх не выпускалі з Расіі, дзе яна знаходзілася з мінулай нядзелі. „Яна запатрабавала тлумачэнняў, і ёй сказалі: у базе на вас стаіць пазнака, што вы ў вышуку. Яна тлумачыла, што гэта можа быць звязана з вышукам яе мужа Валерыя Цапкалы. Ёй паабяцалі гэта праверыць. Правяралі некалькі гадзін”, — расказаў Урбан.

Выпусцілі Вераніку Цапкалу з Расіі толькі пад раніцу, адзначыў ён. Яна з дзецьмі правяла на мяжы каля шасці гадзін. „Цікава яшчэ і тое, што спачатку ім паставілі штамп, а калі яны ўжо дасягнулі нейтральнай зоны, вярнулі назад. Вялі перамовы з Масквой. Каля 8.50 яны ўжо былі ў Кіеве — я размаўляў з Валерыем”, — дадаў Урбан.

15 жніўня стала вядома аб тым, што ў Беларусі распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Валерыя Цапкалы па артыкуле „атрыманне хабару”. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук.

Валерый Цапкала выехаў з Беларусі ў канцы ліпеня з двума дзецьмі, паколькі яму паступіла інфармацыя аб затрыманні, якое рыхтуецца. Цапкала спачатку быў у Расіі, затым перабраўся ва Украіну.