Верхняя палата ўхваліла змены ў закон аб масавых мерапрыемствах



Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу  ўхваліў сёння змены ў закон „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал верхняй палаты парламента.

У прыватнасці, дакумент прадугледжвае скасаванне паведамляльнага парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, надзяленне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў правам вызначэння месцаў, рэкамендаваных для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Змены ў закон распаўсюджваюць на журналістаў СМІ, якія працуюць на масавым мерапрыемстве, патрабаванні па выкананні грамадскага парадку нароўні з удзельнікамі масавых мерапрыемстваў і ўстанаўліваюць для іх забарону быць удзельнікамі або арганізатарамі масавага мерапрыемства.

Акрамя таго, папраўкі забараняюць асвятляць у СМІ, інтэрнэце або „іншых інфармацыйных сетках” у рэжыме рэальнага часу  масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца „з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення”.

Таксама дакумент прадугледжвае „прыпыненне функцыянавання аб’ектаў грамадскага харчавання, транспарту, гандлёвых аб’ектаў, кірмашоў, працы арганізацый усіх формаў уласнасці ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў па маршрутах іх удзельнікаў па патрабаванні кіраўніка (намесніка) адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, органа ўнутраных спраў ва ўстаноўленых законам выпадках (у прыватнасці, пры ўзнікненні небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, альбо калі прынятае рашэнне аб забароне (недапушчальнасці) правядзення масавага мерапрыемства)”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Белта