Віктар Карнеенка: Ідзе псіхалагічная атака на Захад



Усё менш часу застаецца да прэзідэнцкіх выбараў-2015, з вуснаў афіцыйных асобаў прадказальна загучала рыторыка аб знешнім ціску на краіну і выбарах “у поўнай суадноснасці з нацыянальным заканадаўствам”. Палітык і актывіст кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карнеенка робіць свой прагноз на выбары-2015 і тлумачыць, чаму ўлада ніколі не зробіць выбарчы працэс празрыстым.

“Напярэдадні 2015 году ціск на нашу краіну прадказальна ўзрасце… Таму дзеянні і рэакцыя Захаду будуць шмат у чым прагназуемымі. Я не раз казаў аб тым, што мы праводзім выбарчыя кампаніі не для Вашынгтона ці Бруселя, гэдак жа як і Крамля, а для сябе, у поўнай суадноснасці з нацыянальным заканадаўствам”,  – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў Беларусі.

Віктар Карнеенка: Я не выключаю, што падчас чарговай кампаніі можа нешта змяніцца ў выбарчым працэсе, але калі і зменіцца, то ў горшы бок. Тэндэнцыя апошніх гадоў і дзесяцігоддзяў пацвярджае, што ўлада пастаянна шукае нешта новае і брутальнае ў час выбараў. Таму зараз ідзе такая своеасаблівая псіхалагічная атака на Захад – маўляў, што б вы не казалі, але мы ўсё зробім па-свойму, каб захаваць уладу ў сваіх руках.

РР: Што трэба, каб Захад прызнаў гэтыя выбары?

Віктар Карнеенка: Яшчэ раней у межах кампаніі “За справядлівыя выбары” мы вылучылі тры галоўныя пункты, каб не толькі Захад прызнаў выбары, але і большая частка беларускай апазіцыі. Першае – гарантавана забяспечыць удзел у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі. Другое – арганізаваць працэдуру падліку галасоў празрыстым чынам, каб кожны бюлетэнь быў бачны для ўсіх сябраў камісіі. І трэцяе – навесці парадак з датэрміновым галасаваннем, каб раней часу па пісьмовай заяве галасавалі толькі тыя, хто на сто адсоткаў не можа зрабіць гэта ў асноўны дзень галасавання. Калі гэтыя тры пункты будуць прыняты і рэалізаваны на практыцы, то выбары прызнаюць абсалютна ўсе. Незалежна ад таго, каго абяруць. Але ж улада не ідзе на гэта. Не патрэбна ім такая дэмакратызацыя выбарчага працэсу.

РР: Нават незалежныя сацыялагічныя даследчыкі сцвярджаюць, што на фоне падзей ва Украіне рэйтынг афіцыйнага беларускага лідара расце. Можа быць, беларускай уладзе на самай справе трэба было б паказаць празрыстыя выбары, атрымаўшы элегантную перамогу?

Віктар Карнеенка: Улада не можа выпусціць выбарчы працэс з-пад свайго кантролю. Хаць сітуацыя на самай справе дзіўная. Калі ў вас такі вялізны запас трываласці і даверу насельніцтва, то выканайце тры ўмовы, пра якія я казаў, і ўсё будзе нармальна. Але ж не хочуць, баяцца. Заўважце, нават на мясцовых выбарах, якія, здаецца, нічога не вырашаюць, і то ўсё пад кантролем. Механізм адпрацаваны на ўсе выпадкі жыцця, яго ніхто ламаць не будзе. Вельмі шмат чым даводзіцца рызыкаваць – уладай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя