Віктар Карніенка: Сёння размова ідзе пра цывілізацыйны выбар краіны



У Менску адбылася публічная дыскусія на тэму „Выбары як умова пазітыўных зменаў”. Яна арганізавана Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Аднак у мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі розных палітычных партыяў і арганізацый, эксперты, дэпутаты Украіны і Літвы.

Па словах аднаго з выступоўцаў, каардынатара грамадскай кампаніі „За спавядлівыя выбары” Віктара Карніенка, размова ідзе не проста пра выбары ці выбарчае заканадаўства, а пра цывілізацыйны выбар краіны.

– Ці мы ствараем нейкую беларускую джамахірыю, дзе электаральная кампанія – гэта штучнае мерапрыемства, якое па сутнасці нічога не вырашае. А ў нас ужо ёсць і кіраўнік джамахерыі і кронпрынц. І ўсё вырашана – а вы гуляеце ў гэтыя выбары. Ці мы станем на еўрапейскі шлях цывілізацыйнага развіцця і пачнем урэшце рэшт пэўныя крокі. Я лічу, што сёння ёсць магчымасць ва ўлады стаць на шлях так бы мовіць выпраўлення.

А гэта залежыць ад таго, ці будуць прынятыя ў якасці прыярытэтных неабходныя змены ў выбарчае заканадаўства. Па-першае, неабходна гарантаваць удзел у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі. Па-другое, стварыць празрыстую працэдуру падліку галасоў. І па-трэцяе, радыкальна змяніць правілы датэрміновага галасавання. Адсутнаць грунтоўных зменаў па гэтых трох накірунках ясна пакажа, што беларускія ўлады нічога не мяняюць у выбарчай практыцы, а працягваюць пускаць пыл у вочы як сваім грамадзянам, так і міжнароднай супольнасці, – лічыць Віктар Карніенка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя