Віктар Карняенка: Не смяротна, але даволі няўтульна



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка пракаментаваў заклік краіны G7 да ўладаў Беларусі правесці новыя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным назіраннем.

Таксама краіны G7 заклікалі вызваліць усіх людзей, якія, на іх думку, несправядліва знаходзяцца ў зняволенні, гаворыцца ў выніковым камюніке «сямёркі», прынятым на сустрэчы кіраўнікоў МЗС дзяржаў аб’яднання ў Лондане.

Віктар Карняенка: Натуральна, у Беларусі не будуць прыслухоўвацца да закліка G7 правесці новыя прэзідэнцкія выбары. Аўтарытарныя кіраўнікі ніколі па сваёй волі не пакідаюць свае пасады.

Але міжнародны ціск, безумоўна, чыноўнікі адчуваюць. Людзі з атачэння кіраўніка краіны могуць да гэтага прыслухацца, бо яны таксама становяцца закладнікамі такой палітыкі.

РР: Адным словам, краіны G7 проста прынялі заяву, якая ні да чаго не прымушае…

Віктар Карняенка: Згодзен, што гэта не смяротна, але пры гэтым адчуваеш сябе даволі няўтульна. Хаця трэба быць рэалістам і разумець, што гэты заклік еўрапейцаў ніякім чынам праблему не вырашае.

РР: Ці магчымы кампраміс паміж грамадствам і ўладай?

Віктар Карняенка: На 90 адсоткаў я ўпэўнены, што перамовы адбудуцца, але не з тымі, хто сёння кіруе краінай. Амаль увесь свет сёння не прызнае легітымнасць гэтай улады, і гэта, як кажуць, медыцынскі факт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя