Віктар Карняенка: Улада даведалася пра свае сапраўдныя рэйтынгі



Грамадскі дзеяч Віктар Карняенка распавёў, чаму ўлады масава пазбаўляюць рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў.

Днямі знялі з выбараў кандыдата ў дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі» Арсенія Чыгіра. На працягу апошніх некалькіх дзён адмянілі рашэнне аб рэгістрацыі яшчэ чатыром прадстаўнікам «Еўрапейскай Беларусі». Не зарэгістравалі старшыню руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, не прайшлі збор подпісаў дзеючыя дэпутаты Алена Анісім і Ганна Канапацкая…

Віктар Карняенка: Мяркую, улада спалохалася апазіцыйных кандыдатаў, калі даведалася пра свае сапраўдныя рэйтынгі. Аўтарытэт улады як ніколі нізкі, і тэндэнцыя такая, што ён зніжаецца і надалей. Таму трэба закручваць гайкі. І чым менш будзе людзей, якія будуць падвышаць палітызаванасць грамадства праз пікеты і інфармацыйныя матэрыялы, тым улада будзе сябе больш камфортна пачуваць. Таму на сёння наведванне беларускім кіраўніком якой-небудзь свінафермы – гэта значна большая навіна для дзяржаўных СМІ, чым выбары. Гэтая кампанія паказала, што гайкі будуць закручвацца яшчэ больш.

РР: Ці паўтораць улады эксперымент па ўкараненні ў парламент некалькіх дэмакратычных прадстаўнікоў?

Віктар Карняенка: Можна ўзгадаць выступленне беларускага кіраўніка ў 2016 годзе, калі ён сказаў прыкладна наступнае: маўляў, мы гэтыя выбары правядзем так, каб яны спадабаліся Захаду, бо жыць пад санкцыямі няўтульна і складана. Вось Захаду, які ўжо не патрабуе цалкам празрыстых выбараў, а хоча бачыць «прагрэс», гэты самы «прагрэс» і паказалі, калі Канапацкая і Анісім сталі дэпутатамі. Мяркую, што зараз эксперымент будзе паўтораны, але гэта ўжо будуць людзі ад так званай апазіцыі больш «ручныя». А можа і наогул нікога не будзе, бо ўлада спалохалася сваіх уласных фэйкаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]