Віктар Марчык: Лукашэнку ўжо не пераробіш…



Наш карэспандэнт папрасіў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, сябра Беларускага нацыянальнага кангрэса Віктара Марчыка пракаментаваць тыя апошнія падзеі, якія адбываюцца ў Менску.

У прыватнасці спадар Віктар адзначыў:

Прыезд Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і сустрэча з палітвязнямі гаворыць пра тое, што Лукашэнка зразумеў, што адным толькі сілавым метадам народныя пратэсты заглушыць немагчыма. Гэта была яго спроба прашчупаць, хто са зняволеных больш лаяльны, і праз каго можна паспрабаваць спыніць масавыя пратэсты беларусаў, а таксама, каго з іх у бліжэйшы час можна вызваліць з СІЗА.

Таксама Лукашэнка разлічвае на тое, што Еўрасаюз і Захад вырашаць, што ён пайшоў на ўступкі, і зменшаць градус ціску на яго і яго рэжым. Калі б Лукашэнка, сапраўды, усвядоміў усё, што адбываецца, і тое, што яго беларусы больш не жадаюць бачыць у якасці кіраўніка дзяржавы, ды і проста яго ненавідзяць, то ён выпусціў бы на волю ўсіх палітзняволеных. Але Лукашэнку ўжо не пераробіш… І пацвярджэнне гэтага – бязлітаснае збіццё мірных пратэстуючых на апошнім, напрыклад, масавым мерапрыемстве.

Ён плаціць сілавікам вялікія грошы з нашай з вамі кішэні, а яны нахабна б’юць людзей. І яны вядуць сябе горш за гестапа падчас вайны. І гэта яны збіваюць, гвалцяць і забіваюць мірных грамадзян нашай Беларусі толькі за тое, што яны хочуць быць вольнымі ад лукашэнкаўскага ярма. Мы жадаем жыць у мірнай, квітнеючай і, незалежнай ні ад каго, любай Беларусі. І не жадаем больш бачыць і чуць Лукашэнку.

Беларускае Радыё Рацыя