Віктар Сазонаў: Зарэгістравалі сваіх



Як працуе пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі №115 пра абмежаванне колькасці назіральнікаў на „выбарах” пераканаліся гарадзенскія незалежныя назіральнікі з кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Адразу пасля публікацыі рашэння высветлілася, што квоты ўжо запоўненыя, а незалежным назіральнікам на ўчастках не будзе месца.

Кажа ўдзельнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў:

– Зарэгістравалі сваіх спачатку, а пасля агучылі гэтае рашэнне, што першая пяцёрка будзе мець прыярытэт. Вялікая колькасць сапраўды незалежных назіральнікаў, якія хочуць рэальна ўбачыць сітуацыю, яны проста не будуць мець гэтай магчымасці. Калі раней мы бачылі, што свае правераныя людзі ўваходзяць у камісіі, то зараз бачым, яшчэ больш абсурдную сітуацыю, калі свае будуць і назіральнікамі.

Віктар Сазонаў робіць выснову, што больш за сотню прадстаўнікоў кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” па Гарадзеншчыне, якія заявілі пра свой удзел у назіраннях, будуць пазбаўлены гэтага права. Ужо давялося ў гэтым пераканацца на ўласным досведзе падачы заявак. Апрача гэтага, ёсць іншыя кампаніі грамадскія кампаніі, якія будуць для ўладаў „недарэчнымі”.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]