Віктар Шэйман сышоў у адстаўку (абноўлена)



Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы прыняў адстаўку кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана, паведамляе тэлеграм-канал „Пул першага”.

„Ты шмат разоў пісаў рапарт аб сыходзе ў адстаўку. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што калісьці час прыходзіць, табе хапіла ў жыцці. Я шчыра ўдзячны табе за ўсё, што зроблена. Мы знойдзем час сустрэцца для таго, каб я яшчэ раз падзякаваў табе”, — прыводзіць тэлеграм-канал словы Лукашэнкі.

Даведка БелаПАН. Віктар Шэйман нарадзіўся 26 мая 1958 года ў вёсцы Салтанішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1990—1994 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, сакратаром камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі з 1994 года.

У 1994—2000 гадах займаў пасаду дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі — памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. У 2000—2004 гадах — генеральны пракурор.

З лістапада 2004-га па студзень 2006 года — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Узначальваў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. З сакавіка 2006 года — дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі.

У адстаўку з пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі адпраўлены 8 ліпеня 2008 года, на наступны дзень пасля нарады аб ходзе расследавання крымінальнай справы па факце выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.

Пасля быў памочнікам прэзідэнта Беларусі па асаблівых даручэннях, а са студзеня 2013 года з’яўляецца кіраўніком справамі прэзідэнта.

Віктар Шэйман падазраецца апазіцыяй і міжнароднымі структурамі ў датычнасці да гучных знікненняў людзей у Беларусі. Ён унесены ў спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза і ЗША.

belapan.by