Віктар Цярэшчанка: Хацеў бы, каб мае веды спатрэбіліся



Эканаміст і экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавёў, ці плануе ён выстаўляць сваю кандыдатуру падчас восеньскіх парламенцкіх выбараў.

Віктар Цярэшчанка: Пакуль я думаю наконт свайго ўдзелу ў парламенцкай кампаніі, хаця, натуральна, хочацца ўдзельнічаць у законатворчай дзейнасці, хочацца быць карысным грамадству і вельмі хочацца, каб твае веды спатрэбіліся.

Я мог бы даць слушныя парады і па валютна-крэдытнай палітыцы, і па экспарту-імпарту, і па ўнутранаму валавому прадукту, і па пытаннях сельскай гаспадаркі. Мая пазіцыя заўсёды на стварэнне, а не на разбурэнне. Таму, пакуль яшчэ не зусім сталы чалавек, трэба ў выбарах паўдзельнічаць.

РР: Але ж досвед удзелу ў выбарах у вас ужо ёсць, вы добра ведаеце, як у нас лічацца галасы. Ці, можа быць, зараз нешта зменіцца, бо беларускі кіраўнік выказаўся наконт таго, што неабходны празрыстыя выбары?

Віктар Цярэшчанка: На жаль, у нас словы нярэдка разыходзяцца са справамі. І я насамрэч добра ведаю, як старшыні ўчастковых камісій маніпулявалі галасамі выбарцаў. На мой погляд, і зараз асабліва нічога новага не будзе, усё пройдзе па старых схемах. Вось сказалі, что ў парламенце патрэбен прадстаўнік ад культуры, і дэпутацкі мандат атрымала Ірына Дарафеева, а не Віктар Цярэшчанка.

Нам трэба зразумець, што ў дэпутаты павінны трапляць людзі дасведчаныя, з багатым практычным досведам, каб прымаць нармальныя законы. Але навошта там “турысты”, якія за чатыры гады не могуць і слова вымавіць?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя