Віктар Янчурэвіч: Мы прытрымліваліся рэкамендацый мінюста



Міністэрства юстыцыі адмовілася зацвердзіць змены ў статут Руху „За свабоду”.

Як распавёў намеснік старшыні гэтай арганізацыі Віктар Янчурэвіч, змены ў статут не былі прынятыя на той падставе, што не ўсе сябры рады Руху маглі прысутнічаць падчас паседжання. Але пры гэтым мінюст не ўлічыў свае ж ранейшыя рэкамендацыі.

– Сапраўды, так і было. Не ўсе прысутнічалі, таму што ёсць некаторыя сябры рады, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі. Але яны ўдзельнічалі ў паседжанні праз інтэрнэт у анлайн-рэжыме. На сённяшні дзень ёсць такія магчымасці, праз платформу ZOOM ці праз іншыя камунікатары, правядзення паседжанняў у такім анлайн-рэжыме. Нават рэкамендавана Міністэрствам юстыцыі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй па каронавірусу.

„Адпаведная рэкамендацыя рассылалася мінюстам па палітычных і грамадскіх структурах. І мы іх прытрымліваліся, менавіта таму і праводзілі анлайн-паседжанне рады. Аднак чаму Міністэрства юстыцыі не ўлічыла свае ж рэкамендацыі, разглядаючы заяву Руху „За свабоду”, гэта незразумела,” – кажа Віктар Янчурэвіч.

„Таму зараз наша арганізацыя засталася без юрыдычнага адрасу. Але мы не пагаджаемся з рашэннем, якое прыняў мінюст. Будзем яго абскарджваць і спадзяемся, што ўсё ж такі знойдзем паразуменне з мінюстам у Вярхоўным судзе”, – падкрэсліў Віктар Янчурэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя