Вінцук Вячорка: Прызначэнне Карпенкі працвярэзіць многіх



Прызначэнне міністрам адукацыі кіраўніка Камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенкі працвярэзіць многіх, хто разлічваў на мяккую беларусізацыю, на паварот улады да абароны нацыянальных каштоўнасцей і суверэнітэту нашай краіны, – лічыць грамадскі дзеяч і палітык Вінцук Вячорка.

Па ягоных словах, сістэма адукацыі інстытуцыянальна вызначае свядомасць будучых пакаленняў. І да стырна кіравання гэтай сістэмай прыйшоў чалавек, які народжаны не ў Беларусі і не проста далёкі ад беларускай мовы і культуры, але які ставіцца варожа да не расейскіх, не „рускамірных” праяваў беларускамоўнай традыцыі:

– Гэта чалавек, які ўзначае палітычную партыю, якая завецца камуністычнай, і гэта ў часы адкрытай праўды пра Курапаты і іншыя страшныя злачынствы камуністычнай ўлады, чалавек, міжнародны партнёр якога Генадзій Зюганаў. Я думаю, што гэтае прызначэнне – адказ і тым, хто меў у нас ілюзіі, і тым, хто з Масквы Лукашэнку задаваў пытанне: “Ты чый?”.

І Лукашэнка ясна паказвае – чый  ён, – лічыць Вінцук Вячорка.

Прызначэнне Ігара Карпенкі міністрам адукацыі не прынясе нічога добрага нашай сістэме адукацыі ў сэнсе вяртання яе да беларускамоўнасці, пазбаўлення  ад стэрэатыпаў і штампаў „рускага міру”, ад спробаў узнавіць культываванне бальшавізму і перыяду сталінскіх рэпрэсіяў у нашай гісторыі, – канстатуе Вінцук Вячорка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя