Віталь Алейнік: Наша справа – бараніць інтарэсы ахвяраў рэжыму



У эфіры нашага радыё – Віталь Алейнік – прадстаўнік новай беларускай дыяспары ў Літве. Адна з тэмаў размовы – крымінальныя справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

РР: Вы нядаўна атрымалі адказ з Генеральнай пракуратуры Літвы датычна вашай справы. Вы таксама сталі ахвярай гвалту сілавікоў у 2020 годзе. І там узгадваецца нават “Беларуськалій”. Раскажыце дэталі гэтай справы.

Віталь Алейнік: Увесь свет працягвае захапляцца тым, як беларусы нават у такіх умовах татальнай аблогі, рэпрэсіяў і гвалту працягваюць мірна дамагацца ўзнаўлення законнасці ў нашай краіне. Мы бачым, шо працягваюцца акцыі амаль кожны тыдзень і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Грузіі, і ва Украіне і ў іншых краінах. І зразумела, што ў некаторых людзей цярпенне ўжо не трывае. Мы памятаем, што з Андрэем Зельцэрам адбылося ў Менску. І было вырашана пераходзіць да больш актыўных дзеянняў і ў галіне юрыдычнай. Зразумела, што якімі б некампетэнтнымі і неадукаванымі не былі б злачынцы ў Беларусі, грошы яны лічыць умеюць. Таму вырашана было пераходзіць да фазы фінансавага змушэння.

Сёння за межамі Беларусі заведзена шмат спраў. Найперш гэта справа за злачынства супраць чалавечнасці ў Літве, таксама вялікая справа была ініцыяваная ў Польшчы, польскі адвакат Томаш Віліньскі матэрыялы справы падаў напрыканцы мінулага года. Таксама ў Германіі справа зараз у распрацоўцы. І ўсе чулі пра вельмі гучную справу, датычную захопу самалёта Ryanair, якая была заведзена судом Манхэттэна ў ЗША ў гэтым месяцы. І мы бачым на прыкладзе Літвы, што справы гэтыя акумулююцца. У снежні пададзены былі матэрыялы па справе непаўнагадовага юнака Арсенія Захарэвіча. Ён быў катаваны ў 2020 годзе ў Барысаве. Разам з маці яны змаглі з’ехаць з Беларусі. Яны спрабавалі праз беларускую прававую сістэму дамагчыся справядлівасці. Але зразумела, што законы ў Беларусі не працуюць. І ў Літве яны дамагліся таго, каб такая справа – першая па позве непаўнагадовага юнака – была пачата ў Літве. Таму шмат такіх справаў.

У мяне няма сумневу, што рана ці позна гэтыя справы будуць даведзены да  лагічнага завяршэння. Але ўжо зараз мы мусім задумацца над тым, а як жа мы будзем кампенсаваць усе тыя страты, якія былі панесены ахвярамі незаконных дзеянняў і катаванняў у Беларусі. І было вырашана ініцыяваць працэдуру абцяжарвання замежных актываў і маёмасці, якія знаходзяцца пад прамым ці ўскосным кіраваннем людзей, якія не маюць пацверджаных на тое паўнамоцтваў, але могуць быць датычнымі і датычныя да злачынстваў супраць людзей у Беларусі.

РР: І гэта можа быць і “Беларуськалій” як у вашым выпадку?

Віталь Алейнік: Сапраўды, гэтая кампанія фігуруе ў тым працэсе, які быў запушчаны. Нашая справа – гэта бараніць інтарэсы людзей і забяспечыць выплаты тых кампенсацый, якія будуць прысуджаныя судамі. І трэба каб людзі разумелі за кошт чаго такія кампенсацыі могуць быць рэалізаваныя. А тое, што абмежаванні на актывы і замежную маёмасць будуць ініцыявацца, таксама няма сумневу. Гэта будзе рабіцца і ў Польшчы, і ў ЗША, але першы прэцэдэнт вось зараз створаны ў Літве. Гэта, магчыма, невялікі крок, але такімі крокамі мы якраз можам пабудаваць падмурак для вялікіх дасягненняў.

Зараз можна ўжо лічыць, што кожны актыў, кожная маёмасць, якая знаходзіцца за мяжой, становіцца патэнцыйнай мэтай для ўключэння ў такі “кампенсацыйны пул”, які будзе забяспечваць будучыя позвы пацярпелых па кампенсацыях. На сёння агульны кошт такіх актываў, якія далучылі да справы за злачынства супраць чалавечнасці пракуратурай у Літве, складае каля 30 – 40 млн. еўра. Але трэба разумець, што нават 100 мільёнаў еўра будзе недастаткова. Гэта каласальна маленькая сума, зыходзячы з таго, што больш за 40 тысяч чалавек прайшлі праз турмы, былі катаваныя ці забітыя ў Беларусі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Rh.by

[manual_related_posts]