Віталь Рымашэўскі: Аднабаковыя перамовы прывядуць да кансервацыі рэжыму



Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі даў негатыўную ацэнку правядзенню ў Бруселі перамоваў паміж Еўразвязам і ўладамі Беларусі. У перамовах узяла ўдзел намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. На гэтых сустрэчах сярод іншага абмеркавалі пытанні правоў чалавека – адзначае апазіцыйны палітык.

– Палітычная апазіцыя, грамадзянская супольнасць, праваабарончыя арганізацыі – гэта адзіныя суб’екты, якія могуць хоць неяк пракантраляваць тое, што робіць беларуская улада. Размаўляць з беларускімі ўладамі без грамадзянскай супольнасці – гэта азначае, што ігнараваць таксама ўвесь беларускі народ. Калі гэтыя перамовы ператворацца толькі ў дыялог з рэжымам Лукашэнкі, закрыты, кулуарны, то яны прывядуць толькі да кансервацыі дзейснага рэжыму, да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, да большых рэпрэсій.

«Толькі пры кантролі ўладаў з боку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці могуць адбыцца змены да лепшага. У адваротным выпадку двухбаковы закрыты дыялог паміж ЕС і ўладамі Беларусі стане толькі імітацыйным працэсам і прывядзе да азербайджанізацыі сітуацыі ў Беларусі», – адзначыў Віталь Рымашэўскі. Таму палітык лічыць неабходным вярнуцца да трохбаковага фармату дыялогу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя