Віталь Рымашэўскі: Беларусі патрэбна люстрацыя судовай сістэмы



Пасля змены ўлады ў Беларусі будзе абавязкова патрэбная люстрацыя, у тым ліку ў судовай сістэме. „Але да гэтага пытання патрэбна падыходзіць выбарачна”, – лічыць сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

У першую чаргу гэта тычыцца несправядлівых судовых рашэнняў па палітычных справах, якім спатрэбіцца перагляд, адзначае палітык.

– Я не з’яўляюся прыхільнікам татальнай люстрацыі, але прыхільнік татальнага перагляду ўсіх судовых рашэнняў, якія былі вынесены за апошні час і якія былі абскарджаныя грамадзянамі. І гэта тычыцца не толькі палітычных спраў, але падкрэслю, і эканамічных, і іншых спраў, таму што часам было альбо празмерна жорскае пакаранне, альбо проста прававое бязмежжа. Усе гэтыя злачынствы патрабуюць расследаванняў пры новай уладзе, пры справядлівых судах. І тыя суддзі, якія выносілі такія злачынныя прысуды, яны мусяць адказваць, згодна Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У суседняй Украіне люстрацыя ці абмежаванне доступу да дзяржаўнай службы і працы ў органах мясцовага самакіравання для асобаў, якія займалі кіруючыя пасады пры ранейшых палітычных рэжымах, супрацоўнікаў спецслужбаў былога СССР, а таксама для асобаў, якія падазраюцца ў датычнасці да карупцыі была адным з галоўных патрабаванняў Еўрамайдану. Працэдуры люстрацыі, кола асобаў, на якіх распаўсюджваюцца люстрацыйныя забароны, а таксама пералік пасадаў, якія ім забаронена займаць, усталяваны законам «Аб ачышчэнні ўлады», які набыў моц у 2014 годзе. На яго падставе ва Украіне былі звольнены 347 дзяржаўных служачых.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя