Віталь Рымашэўскі: Дзень Волі – гэта нацыянальнае свята



25-га сакавіка беларусы адзначаюць 103-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Наколькі беларусы змаглі захаваць сваю незалежнасць? Якія галоўныя праблемы сённяшняй беларускай дзяржавы і як вырашыць унутраны крызіс? І ў рэшце, якім жа чынам беларусам належным чынам адсвяткаваць сваё галоўнае свята краіны ва ўмовах рэпрэсій?

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка задала пытанні „Госцю Рацыі” – Віталю Рымашэўскаму, сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

– Дзень Волі – гэта нацыянальнае свята і безумоўна яго святкуе кожны сумленны беларус, для каго дарагая незалежнасць, для каго дарагая гісторыя, павага і пашана да тых пакаленняў беларусаў, якія данеслі да нас нашу культуру ды і наша жыццё. Таму безумоўна гэта свята вечнае. Пакуль жыве Беларусь, будзе жыць гэта свята і яно будзе святкавацца, таму святкаваць яго трэба. Мы сёння маем незалежную Беларусь толькі таму, што людзі памяталі каштоўнасці памяці незалежнасці, неслі праз усе гэтыя гады, цяжкае мінулае стагоддзе. Часы былі нашмат больш цяжэйшыя падчас панавання савецкай улады, падчас раздзелу Беларусі, калі польскія і камуністычныя ўлады знішчалі ўсё беларускае. Тым не менш людзі святкавалі 25-га сакавіка, святкавалі Дзень Волі, пранеслі яго праз гады, праз рэпрэсіі, праз кроў і забойствы. Сённяшняе свята ў гэтым сэнсе я б не сказаў, што гэта свята роспачы, я перакананы, што гэта свята надзеі, веры ў свае сілы і ў будучую перамогу. Не атрымалася зрабіць краіну дэмакратычнай, вольнай увосень 2020, але людзі пабачылі, што насамрэч беларусы гэта нацыя, яны сталіся нацыяй. Безумоўна змены прыйдуць, яны не прыходзяць так лёгка, так хутка, як хацелася б, але яны будуць. Таму я віншую ўсіх з Днём Волі і з днём нашай будучай свабоды, сапраўднай незалежнасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя