Віталь Рымашэўскі: Крэмль абавязкова выставіць умовы



Адзін з лідараў БХД Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму сёння для Беларусі ўзмацнілася пагроза страты незалежнасці.

На арганізаваным рэжымам “ўсенародным сходзе” міністр замежных спраў прапанаваў адмовіцца ад канстытуцыйнага палажэння аб нейтралітэце, а намеснік начальніка Генштаба прапанаваў замацаваць у Канстытуцыі ўваходжанне краіны ў сістэму калектыўнай бяспекі СНД.

Тым часам, Лукашэнка выказаў на сходзе гатоўнасць “паміраць за Расею”. Што стаіць за гэтымі словамі?

Віталь Рымашэўскі: Мяркую, цалкам магчыма, што краіну пачалі ўжо паціху здаваць Расеі, бо мы не ведаем, якія дакладна перамовы вядуцца за кулісамі. Зразумела, што Масква проста так Менску крэдыты даваць ужо не будзе, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

Таму відавочна, што перад тым, як даць крэдыт, Крэмль абавязкова выставіць умовы. Як мы бачым, ізноў загаварылі пра “больш глыбокую інтэграцыю”, гэта адбываецца напярэдадні сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. Беларускі бок, можна заўважыць, зараз ужо і не асабліва супраціўляецца такой інтэграцыі.

РР: На ваш погляд, наколькі вялікая небяспека страты незалежнасці?

Віталь Рымашэўскі: Недаацэньваць нельга. І хачу адзначыць, што пры гэтым рэжыме незалежнасць краіны асабліва не ўмацоўвалася. Ніколі мы не спрабавалі пазбегнуць фінансавай залежнасці ад Расеі, а таму жылі менавіта на расейскія датацыі.

Зараз у Беларусі ўзнікла новая фармацыя, якая якраз-такі і стаіць на абароне суверэнітэта. Не гэты рэжым, які зрабіў так, каб у заняпад прыйшла беларуская мова, каб прыгняталася беларуская нацыянальная культура. Рабілася ўсё, каб краіну татальна прывязаць да Расеі. У гэтым нічога новага, але зараз, пакуль Лукашэнка знаходзіцца ў складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі, Крэмль вырашае свае інтарэсы. Таму і больш небяспекі для страты незалежнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя