Віталь Рымашэўскі: Не ўспрымаем перамоўны працэс у якасці дэкарацыі



Падчас паседжанняў Парламецкай Асамблеі АБСЕ ў Менску прадстаўнікі беларускіх уладаў гаварылі аб гатоўнасці стварыць сталую пляцоўку для перамоваў унутры краіны. Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі і сябра правацэнтрысцкай кааліцыі Віталя Рымашэўскага, правацэнтрысты ўжо маюць пазітыўны вопыт арганізацыі розных круглых сталоў з прадстаўнікамі ўладаў. 

„Але мы не ўспрымаем перамоўны працэс, дыялог у якасці дэкарацыяў,” – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі

– Прадухіліць сацыяльны выбух у Беларусі і забяспечыць мірную, негвалтоўную трансфармацыю могуць толькі сістэмныя рэформы. Мы прапануем сваю павестку дня. Асновай гэтага перамоўнага працэсу мусіць стаць абмеркаванне і супольная рэалізацыя рэформ, накіраваных у першую чаргу на змяншэнне карупцыі ў Беларусі, на паляпшэнне ўмоў жыцця беларускага народу.

Асноўнымі тэмамі круглага стала з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі і ўлады павінны быць змены ў выбарчым заканадаўстве, правядзенне свабодных і спавядлівых выбараў у Беларусі, рэформы сістэмы аховы здароўя, судовай сістэмы, а таксама эканамічныя рэформы. Без тэрміновых сістэмных рэформаў немагчыма выйсці з сацыяльна-эканамічнага крызісу, у якім апынулася краіна, – лічыць Віталь Рымашэўскі.    

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя