Віталь Рымашэўскі: Не зусім карэктна ставіць пытанне пра дыялог



Сёння, 2 чэрвеня, у Вільні праходзіць другі дзень міжнароднай канферэнцыі пад назвай „Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі”. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі Еўрапарламента і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Сярод іншага абмяркоўвацца пытанне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Як адзначае сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі, трэба казаць пра перамовы, а не дыялог з уладамі, а таксама падкрэсліў уплыў Масквы на сітуацыю ў Беларусі.

– Не зусім карэктна ставіць пытанне пра дыялог. Варта ставіць пытанне пра перамовы. Таму што да дыялогу ўлады не гатовы. А перамовы, як вядома, вядуць з палітычнымі апанентамі, або нават з ворагамі… Яны так ставяцца да Еўрапейскага звязу, да дэмакратычна настроеных грамадзянаў унутры краіны, рэальна людзей катуюць у турмах. Гэтыя ахвяры, якія былі падчас пратэстаў, ніхто не панёс ніякай адказнасці. Контрпрадуктыўна гаварыць пра нейкія варыянты правядзення свабодных выбараў, па-за кантэкстам размовы з таталітарным рэжымам.

З боку Беларусі на канферэнцыі „Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі” сёння выступяць спецыяльны прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык, каардынатар кампаніі „Права выбару» Алесь Сілкоў, праваабаронца і эксперт па выбарах Эніра Браніцкая ды каардынатар працоўнай групы па  новай канстытуцыі Леў Марголін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя