Віталь Рымашэўскі: Немагчыма сабраць 100 тысяч подпісаў у такіх умовах



Этап збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты распачаўся сёння, 21 траўня,  у Беларусі.

Па словах прадстаўніка правацэнтрысцкай кааліцыі Віталя Рымашэўскага, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Юрась Губарэвіч выкарыстаюць гэты этап у сваёй кампаніі «Лукашэнка, сыходзь!», бо збіраць подпісы ва ўмовах распаўсюду каронавірусу, значыць ставіць пад пагрозу здароўе і жыццё людзей:

– Ніяк немагчыма зараз забяспечыць бяспеку ні зборшчыкам подпісаў, ні людзям, якія будуць прыходзіць на масавыя мерапрыемствы, напрыклад, на пікеты. Таму кандыдаты ад правацэнтрысцкай каааліцыі адразу заяўляюць, што не будуць заклікаць людзей да ўдзелу ў зборы подпісаў, а выкарыстоўваць гэты этап дзеля таго, каб праводзіць кампанію «Лукашэнка, сыходзь!». Мы патрабуем пераносу выбараў на больш позні тэрмін, таму што зараз роўныя ўмовы забяспечыць ніяк немагчыма.

На думку Віталя Рымашэўскага, сабраць 100 тысяч подпісаў у такіх умовах – немагчымая задача практычна для ўсіх ініцыятыўных груп:

– Мала таго, што людзей зборшчыкі подпісаў будуць заражаць і правакаваць, зараз паўсюдна каронавірусная інфекцыя. Да таго ж яшчэ ў гэтых умовах людзі проста не будуць адчыняць дзверы кватэры. Ніхто не зможа сабраць гэтыя подпісы, можа, акрамя Бабарыкі. У яго там ініцыятыўная група каля 10 тысячаў чалавек. Усе астатнія свядома ідуць на фальсіфікацыі. І, канешне, удзельнічаць у гэтай гульні мы не будзем.

Напярэдадні Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 15 ініцыятыўных груп, чальцы якіх будуць збіраць подпісы за сваіх кандыдатаў па 19 чэрвеня ўключна. Каб стаць кандыдатам на пасаду прэзідэнта краіны, патрабуецца сабраць мінімум 100 тысяч подпісаў.

Зборшчыкі подпісаў павінны выкарыстоўваць пры зносінах з выбаршчыкамі ахоўныя маскі і пальчаткі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя