Віталь Рымашэўскі: Танны алкаголь – прамы шлях да дэградацыі нацыі



“Беларусь непазбежна прыйдзе да таго, каб пачалі працаваць антыалкагольныя праграмы”, – кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне з нагоды масавага атручэння ў Іркуцку канцэнтратам для ваннаў і заклікаў чыноўнікаў і сілавікоў не дапусціць такога ў Беларусі.

«Яны пачалі падымаць акцызы на алкаголь, зрабілі завоблачныя цэны на спіртныя напоі, і людзі пачынаюць піць барматуху, як гэта было ў нас у савецкія часы, — сказаў ён. – Трэба спыніць гэта балаўство з гэтымі падаткамі на спіртное…”

Віталь Рымашэўскі: Мяркую, што кіраўнік краіны не зусім валодае інфармацыяй з алкагалізацыяй насельніцтва ў Беларусі. Хрысціянскія дэмакраты зараз паглыблена займаюцца гэтай тэмай і ведаем, што сёння шмат высокіх чыноўнікаў з атачэння Лукашэшкі вельмі адэкватна разумеюць сітуцыю. Хаця маецца і вельмі вялікае алкагольнае лобі – гэта тыя людзі, якія маюць свае барышы і прыбыткі з тых заводаў, што вырабляюць у Беларусі алкагольную прадукцыю. Зразумела, што яны даносяць да кіраўніка краіны сваю пазіцыю. Але сёння маем тую сітуацыя ў Беларусі з праблемай алкагалізацыі насельніцтва, што маем. Практычна нічога не робіцца, каб спыніць алкагольную катастрофу. Тыя ж прафесіяналы, якія ўсё добра разумеюць (прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўся, Міністэрства сацыяльнай абароны, Мінітэрства працы) – яны занялі нясмелую і баязлівую пазіцыю. Але, на мой погляд, Беларусь непазбежна прыйдзе да таго, каб запрацавалі антыалкагольныя праграмы, таму што рэальная статыстыка і рэчаіснасць настолькі жахлівыя ў краіне, што гэтыя меры трэба прымаць неадкладна. На жаль, пакуль улады робяць усё наадварот. Падтрымліваюць вытворцаў гарэлкі, “чарнілаў”, спойваюць насельніцтва, не пакідаючы людзям ніякага выйсця.

РР: Цэны на алкаголь нейкім чынам уплываюць на сітуацыю з алкагалізацыяй насельніцтва?

Віталь Рымашэўскі: Наўпрост уплываюць, таму што танны алкаголь – гэта прамы шлях да спойвання і дэградацыі нацыі. Безумоўна, гэта не адзіная прычына, бо людзі співаюцца, калі няма альтэрнатывы, калі нізкія заробкі і праблемы ў сям’і. Дзяржава з гэтай нагоды павінна задумацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя