Віталь Рымашэўскі: Упершыню ў падобнай сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі ўлады



Цi ёсць дэмакратычныя выбары у Беларусi? Як весцi Eўразвязу дыялог з уладамi? Дыскусiя на гэтыя ды іншыя пытанні адбылася ў Вiльнi падчас пасяджэння Балтыйскай Паўночнай Рады. На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі беларускай апазiцыі і дзве дэпутаткi Палаты Прадстаўнiкоў –  Вольга Папко і Галіна Філіповіч, а таксама парламентары краiн Еўразвязу.

Распавядае ўдзельнік дыскусіі, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

– Сустрэча была арганізавана Паўночным саветам балтыйскіх краін. На гэтай сустрэчы прысутнічалі таксама дэпутаты парламентаў Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі, Латвіі, Эстоніі, Літвы. І таксама былі запрошаны, апроч прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, два дэпутаты з Палаты Прадстаўнікоў. Па сутнасці, была дыскусія пра будучыя адносіны балтыйскіх краін з Беларуссю, пра выбары, якія адбыліся. Важная падзея, бо яна ўплывае на фармаванне палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

Віталь Рымашэўскі таксама адзначыў, што ўпершыню за апошнія некалькі гадоў удзел у сустрэчы Паўночнай Рады прынялі прадстаўнікі беларускіх уладаў. Паводле Рымашэўскага, іх пастаянна запрашалі на гэтыя асамблеі, але раней яны адмаўляліся ўдзельнічаць на роўных з апазіцыяй. Прадстаўніца ўладаў зачытала свой выступ з паперкі, і распавяла, якія „цудоўныя” ў Беларусі выбары. “У сваю чаргу, пазіцыя хрысціянскіх дэмакратаў і правацэнтрыстаў вядомая – ніякіх свабодных і сумленных выбараў у Беларусі няма”, – падкрэсліў палітык.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя