Віцэ-канцлер Германіі: Лукашэнка страціў усякую легітымнасць



 „Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка страціў усякую легітымнасць”, — заявіў віцэ-канцлер ФРГ міністр фінансаў Олаф Шольц на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” пасля сустрэчы з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай у Берліне.

Шольц назваў Ціханоўскую „мужным змагаром за дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі”. „Яна робіць важны ўнёсак у дэмакратычныя пераўтварэнні ў сваёй краіне”, — адзначыў Шольц. У той жа час „цяжкае становішча пратэстоўцаў прыгнятае”.

„Еўрапейскі саюз цвёрда стаіць на баку тых, хто хоча пакончыць з гвалтам у Беларусі, дамагаецца вызвалення палітвязняў і правядзення новых выбараў”, — падкрэсліў віцэ-канцлер.

Шольц з’яўляецца кандыдатам на пасаду канцлера ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Напярэдадні Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Берліне з трохдзённым візітам, 45 хвілін размаўляла з канцлерам Ангелай Меркель, якая прадстаўляе Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі і Хрысціянска-сацыяльны саюз у Баварыі (ХДС/ХСС), а таксама сустрэлася з фракцыяй бундэстага „Саюз-90″/”Зялёныя”. ХДС/ХСС і СДПГ утвараюць кіруючую кааліцыю.

У праграме візіту Ціханоўскай таксама перамовы з міністрам замежных спраў Германіі Хайка Маасам, які раней заявіў, што „спадар Лукашэнка павінен прызнаць рэальнасць на вуліцах сваёй краіны, гэтак жа як і рэальнасць у галовах людзей” у Беларусі.

belapan.by

Фота cryptos.tv