Віцебская абласная выбарчая камісія выступіла супраць беларускай мовы



Праваабаронца Павел Левінаў, уключаны ў склад абласной выбарчай камісіі, запатрабаваў роўнасці правоў для расейскамоўных і беларускамоўных спажыўцоў інфармацыі пра выбары.

Ён прапанаваў, каб на афіцыйных сайтах райвыканкамаў Віцебшчыны паведамленні дубляваліся па-расейску і па-беларуску:

– На ўсіх сайтах, нават калі ты націскаеш на банэр “Выбары” і беларускую мову, адчыняецца ўсё па-расейску. На маю думку, абласная выбарчая камісія павінна заслухаць справаздачу ўсіх трымальнікаў сайтаў – мясцовыя органы ўлады ўсіх узроўняў – пра тое, ці выконваюць яны закон аб мовах.

Таксама Павел Левінаў прапанаваў, каб інфармацыя пра выбары размяшчалася і ў сацыяльных сетках – для зручнасці выбаршчыкаў:

– У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, камісія абавязана інфармаваць выбаршчыкаў пра хаду выбарчай кампаніі. Аднак у камісіі няма ні свайго сайта, ні сваіх старонак у сацыяльных сетках. Таму я прапанаваў на дзвюх мовах завесці такую старонку ў Фэйсбуку.

Прапановы Паўла Левінава наконт пашырэння ўжывання беларускай мовы былі разгледжаны на апошнім пасяджэнні абласной выбарчай камісіі. Старшыня  камісіі Дзмітрый Хома заявіў, што адсутнасць матэрыялаў пра выбары на беларускай мове не парушае дзейнага выбарчага заканадаўства. На думку сакратаркі камісіі Святланы Ільюшчанкі, расейская мова людзям “раднейшая” за беларускую, бо Віцебшчына знаходзіцца блізка да мяжы з Расеяй. Пасля такіх высноваў кіраўніцтва  ўсе прысутныя сябры абласной выбарчай камісіі, апрача Паўла Левінава,  прагаласавалі за выключна расейскамоўны варыянт паведамленняў пра выбары.

Усяго Павел Левінаў даслаў на разгляд камісіі 7 прапановаў. У тым ліку прапанову, каб чальцы абласной выбарчай камісіі працавалі дабрачынна. Бо праца за бюджэтныя грошы, на думку праваабаронцы, не спрыяе аб’ектыўнасці ў стаўленні да выбарчага працэсу. Ён асабіста адмовіўся ад заробку ў якасці чальца камісіі, але астатнія калегі не падтрымалі ягонага прыкладу.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

[manual_related_posts]