Войцех Сегень: Беларусь страціла сваю незалежнасць



“Госць Рацыі” – Войцех Сегень з Гданьскага ўніверсітэту, эксперт па Сярэдняй і Усходняй Еўропе.

РР: Прапагандысцкая вайна паміж Расеяй і Захадам ужо ідзе, яна ў поўным разгары. Праўда, дыпламатыя робіць значныя намаганні для ўстрымання мілітарнай агрэсіі Расеі на Украіну, тым не менш, прагнозы не надта аптымістычныя. Уладзімір Пуцін можа яшчэ спыніцца?

Войцех Сегень: Я думаю, што не можа спыніцца. Маштаб падрыхтоўкі Пуціна да агрэсіі і дынаміка падрыхтоўкі такія, што цяжка яму было б вярнуцца назад. Тым больш, у кантэксце расейскай прапаганды. Калі глядзіш расейскае тэлебачанне, цягам многіх тыдняў было бачна, што дарогі назад няма. Таму, я думаю, што падрыхтоўка і сваіх грамадзянаў, і ваенная падрыхтоўка паказваюць, што ён не можа вярнуцца ні з чым. І апошнія падзеі, якія дэманструюць Расея сумесна з  Беларуссю паказваюць, што на жаль, на маю думку, агрэсія будзе.

РР: Крамлёўская прапаганда сапраўды рыхтуе сваіх грамадзян да вайны. Украіна – як штучнае дзяржаўнае ўтварэнне, украінцы і расіяне – як адзін народ – гэта базавы пункт прапаганды. Але гэта не ўсё. Бо ёсць яшчэ і гістарычны фактар – украінскі фашызм, Бандэра. І парадаксальна, мілітарная пагроза для Расеі з боку Украіны. Ці можна ўвогуле гаварыць пра такую пагрозу?

Войцех Сегень: Не, гэта фантасмагорыя Пуціна. Калі казаць пра гістарычныя элементы, то варта звярнуць увагу на гістарычныя артыкулы, якія пісаў сам Пуцін. У якіх ён пераконваў, што ўкраінцы і расіяне – гэта адзін народ. Для расіян вобраз украінцаў не адназначны. Расіяне лічаць, што Заходняя Украіна – гэта асяроддзе ўсіх “дрэнных” украінцаў. А тое, што адбываецца на левабярэжнай Украіне, людзі, якія там жывуць, яны лічацца як частка расейскага народа. Расейская прапаганда працуе цягам многіх тыдняў, каб падрыхтаваць сваіх грамадзянаў да вайны. Кісялёў, Салаўёў, Сіманьян – гэтыя людзі актыўна працуюць над тым, каб падрыхтаваць расіянаў да магчымасці таго, што расіяне пойдуць супраць Украіны.

РР: Мэта Пуціна – Усходняя Украіна, Украіна цалкам ці Пуцін глядзіць далей – Прыбалтыка, Усходняя Еўропа, вяртанне да часоў СССР, як Вы мяркуеце?

Войцех Сегень: Я думаю, што не памыляюцца людзі, якія гавораць, што Пуцін лічыць Украіну сваім супернікам. І людзі, якія ведаюць Пуціна, працавалі ў яго адміністрацыі, гавораць што тое, як паводзіць сябе Пуцін, можа паказваць, што ў яго няма кантакту з рэальнасцю, і ніхто не ведае, да чаго дойдзе гэтае шаленства. Мы ведаем, што ўжо ў 2014 годзе адбываліся розныя правакацыі на лініі паміж Расеяй і Эстоніяй, Расеяй і Латвіяй. Таму многае залежыць ад таго, што адбудзецца бліжэйшым часам у кантэксце Украіны. І тады будзем ведаць ці рэальная пагроза, якая можа з’явіцца перад балтыйскімі дзяржавамі. Я лічу, што Польшча знаходзіцца яшчэ ў больш бяспечным стане. Хоць тое, што адбываецца на мяжы, тое, што мы называем міграцыйным крызісам – гэта першы паказчык таго, што гібрыдныя формы вайны з Польшчай ужо маюць месца. Польшча ўжо знаходзіцца ў гэтым канфлікце.

РР: У расейска-украінскім канфлікце ёсць яшчэ адзін гулец – Лукашэнка. У ваеннай рыторыцы ён нават абганяе Пуціна. Што можа скарыстаць Лукашэнка? Расейскія войскі пасля вучэнняў застаюцца ў Беларусі. Некаторыя палітычныя аглядальнікі кажуць, што Пуцін Украіну захапіць збіраецца, а Беларсь ужо ўзяў. Навошта гэтая вайна Лукашэнку?

Войцех Сегень: Калі пачытаць расейскіх палітолагаў, то Лукашэнка ўжо паўафіцыйна называецца губернатарм, а не прэзідэнтам. Усе яго называюць “самопровозглашенным”. Лукашэнка не з’яўляецца самастойным гульцом у гэтай сітуацыі. Мы Беларусь не можам успрымаць як незалежную дзяржаву. А тое, што сёння было сказана, што расейскія войскі застаюцца ў Беларусі, паказвае, што не толькі медыяльная прастора, а ўсё кантралюецца Расеяй.

РР: Вы схіляецеся да таго, што Беларусь ужо страціла сваю незалежнасць?

Войцех Сегень: Адназначна.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: znaj.ua

[manual_related_posts]