Вольга Мусафірава: Данбас Пуціну не патрэбны, яму патрэбна ўся Украіна



Пуцін і Зяленскі абмяняліся запрашэннямі, але ва Украіне не вераць, што сустрэча можа адбыцца.

На гэтым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі праз відэазварот запрасіў расейскага кіраўніка сустрэцца на Данбасе і абмеркаваць становішча на акупаваных тэрыторыях. У сваю чаргу падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам – Уладзімір Пуцін адказаў, што гатовы сустрэцца з украінскім кіраўніком, але ў Маскве. А пра лёс Данбаса – ён павінны найперш размаўляць з кіраўнікамі непрызнаных рэспублік ДНР і ЛНР.

Што магла б змяніць сустрэча лідараў двух краін, якія ўцягнутыя ў канфлікт, патлумачыла ўкраінскі журналіст Вольга Мусафірава:

– Калі ў прэзідэнтаў атрымаецца зняць вось гэтую вастрыню моманту, то будзем лічыць, што сустрэча ў іх была выніковая. Вядома, што гэтага канфлікту яна не вырашыць. Данбас Пуціну не патрэбны, яму патрэбна ўся Украіна, якая ідзе ў фарматары Расейскай Федэрацыі. Украіна ўсё ж такі намагаецца ісці ў фарматары Еўропы. Вось такі выбар.

Назіраецца эскалацыя канфлікту каля мяжы з Украінай. Расея там збірае свае войскі. 22 красавіка расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу заявіў, што да 1 траўня войскі вярнуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. 24 красавіка Пэнтагон засцярог Украіну і сусветную супольнасць ад залішняга даверу Маскве пасля заявы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу пра адвод войскаў ад украінскіх межаў.

Па словах крыніцы ў Мінабароны ЗША, частку расейскіх вайскоўцаў сапраўды адвялі ад украінскай мяжы, аднак судзіць пра сур’ёзнасць абяцанняў Масквы пакуль заўчасна, сказаў высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону, піша „Голас Амерыкі”.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]