Вольга Севярынец: Павел трымаецца мужна, але схуднелы і бледны



Сустаршыні партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі палітвязню Паўлу Севярынцу ў судзе Савецкага раёна Менска, суддзя Вера Галаўкова  прысудзіла чарговыя 15 сутак. Суд праходзіў праз Skypе. Гэтым разам Паўла судзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. Акцыя праходзіла падчас пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты.

Але за ўдзел у гэтай акцыі  Павел 15 сутак ужо адседзеў, кажа жонка Паўла Севярынца Вольга:

– Гэта з розных РАУСаў пратаколы. Яны падобныя, сведкі гаварылі адное і тое ж, хоць гэта розныя сведкі. Толькі што там ён проста стаяў, яго судзілі, а тут за тое, што ён стаяў і кудысьці там заклікаў.

Паводле Вольгі, катаванні Паўла працягваюцца. Толькі нейкую секунду яна змагла ўбачыць Паўла, заўважыла, што ён трымаецца мужна, але схуднелы і бледны:

– Ён месяц сядзеў без сонца і свежага паветра. У карцары застаецца. Яго вызвалілі на некалькі дзён у агульную камеру і зноў пасадзілі ў карцар. Ізноў тыя ж самыя ўмовы: без вады, без прагулак, кнігі, газеты, паперу, ручку не перадаюць. Жалезны зэдлік, сядзіць цэлыя суткі вось на зэдліку.

Вольга адзначыла жорсткасць сакратарак суда, якія не дазволілі ёй паглядзець на Паўла хоць некалькі хвілін, не гаворачы пра нейкія стасункі з ім. Яна просіць людзей працягваць пісаць у Генеральную пракуратуру патрабаванні пра вызваленне Паўла і іншых палітвязняў, а таксама патрабаваць пра спыненне іх катаванняў.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: euroradio.fm

[manual_related_posts]