Вольга Карач: АДКБ для Беларусі – вялікае зло



Беларускія войскі ў Казахстане. Гэта ўжо факт. Яны там прысутнічаць у рамках аперацыі АДКБ, як вынікае з афіцыйных паведамленняў – толькі «ахоўваюць і абараняюць вайсковы аэрадром. Адзначаецца, што вайскоўцы АДКБ не прыцягваюцца да аператыўна-баявых мерапрыемстваў па навядзенні правапарадку ў краіне. Якія тут наступствы чакаць Беларусі ды хто дамінуе у тройцы: Пуцін, Назарбаеў, Лукашэнка. Каментар на гэту тэму – ад кіраўніцы ініцыятывы “Наш Дом” Вольгі Карач.

„Тое, што беларскія салдаты паехалі ў Казахстан – для мяне гэта вялікі сорам усяго беларускага народу, і безумоўна гэта вялікая ганьба. Гэтая сітуацыя па-першае паказала, што Беларусь павінна проста ўзяць і выйсці з АДКБ. Не можа тут быць ніякіх спрэчак ці дыскусій, пераглядаў ці перамоваў наконт таго, каб штосці там перапісаць. Не, дамова з АДКБ павінна быць разарваная, і Беларусі там проста не павінна быць. Проста так паставіць кропку ва ўсёй гэтай гісторыі. Па-другое, я лічу ўсё тое, што адбываецца ў Казахстане – гэта ваенная інтэрвенцыя і акупацыя. Я хацела бы звярнуць увагу ўсяго беларускага народу на тое, што гэта не канец гэтай гісторыі. Салдаты АДКБ у Казахстане, але наступная – Беларусь. Як мы ведаем, Расея ўводзіць войскі пад выглядам ваенных трэнінгаў ў лютым 2022 года, гэта літаральна праз месяц для таго, каб забяспечыць цішыню падчас правядзення канстытуцыйнага рэферэндума, якога Пуцін дамагаецца ад Лукашэнкі. Зразумела, што для мяне ўся гэтая гісторыя з войскам АДКБ у Казахстане, а потым і ў Беларусі азначае, што Беларусь будзе наступнай краінай, якую чакае таксама ваенная інтэрвенцыя і акупацыя. Усё што адбываецца паставіла кропку не толькі з майго пункту погляду ў дыскусіях наконт міранага/немірнага пратэсту. Як мы бачым, казахі змагаюцца, у краіне ёсць вялікі супраціў, і войскі АДКБ усё роўна ўводзяць. Беларусь канешне ўжо не мае такіх вялікіх пратэстаў, але войскі таксама ўводзяць. Гэта азначае, што мы ўсімі краінамі павінны змагацца ўжо не толькі са сваімі дыктатарамі -дзядоў, тараканаў, як заўгодна можна іх называць, але мы павінны ўжо бачыць, хто ёсць наш галоўны вораг, які ўсіх гэтых дзядоў не толькі падтрымлівае. Але і трымае ўсю гэту сітуацыю менавіта ў такім стане. Гэта Крэмль, гэта Ўладзімір Пуцін і яго прыспешнікі. І зразумела, што чым хутчэй мы для сябе ўсё гэта азначым, што ўдзел Беларусі ў АДКБ, удзел Беларусі ў саюзнай дамове, і выкананне пагадненняў саюзнай дамовы, і наогул «братэрскі» саюз з Расеяй – гэта вялікае зло для Беларусі, якое прыносіць толькі новыя ахвяры, тым для нас будзе лепей”

І толькі нагадаем, – беларускія вайскоўцы з 103-й асобнай паветрана-дэсантнай віцебскай брыгады прыляцелі ў Казахстан у рамках праграмы АДКБ па просьбе прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева. Гэту аперацыю Пуцін назвае выключна своечасовай і легітымнай. Вайскоўцы прабудуць у краіне столькі, колькі трэба, але пасля іх, безумоўна, выведуць.

Беларускае Радыё Рацыя