Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна



Затрыманы 21 сакавіка міліцыяй сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміла сустаршыня руху Алена Талстая.

Паводле яе слоў, прычыны арышту палітыка ў ЦІП паведаміць адмовіліся, прапанаваўшы звярнуцца ў РУУС Цэнтральнага раёна, куды даставілі Сіўчыка пасля затрымання.

Сіўчык быў затрыманы каля свайго дома людзьмі ў цывільным, якія патлумачылі свае дзеянні нібыта здзейсненым злачынствам і неабходнасцю дапытаць.

Як паведамлялася, 21 сакавіка ў Менску таксама затрыманы сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса паэт Уладзімір Някляеў і апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі, якія, як і Вячаслаў Сіўчык, з’яўляюцца прыхільнікамі правядзення 25 сакавіка шэсця, забароненага Менгарвыканкамам. Някляеў змешчаны ў ЦІП на Акрэсціна, а дзе знаходзіцца Вінярскі, пакуль невядома. Ініцыятар шэсця, яшчэ адзін сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч у цяперашні час не затрыманы.