Уладзімір Пуцін абраны на чацвёрты тэрмін (абноўлена)



Пасля апрацоўкі 99% пратаколаў Пуцін набірае 76,67%. Ён заручыўся рэкорднай у сваёй кар’еры палітычнай падтрымкай выбаршчыкаў – за яго аддалі свае галасы 54,4 мільёна грамадзян, што на 5,1 мільёна больш, чым у 2004 годзе, перадае РИА Новости.

Другое месца займае кандыдат ад КПРФ Павел Грудзінін з 11,79 %, на трэцім месцы – лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі з 5,66 %.

Далей ідзе тэлевядучая Ксенія Сабчак з 1,67 % галасоў. Рыгор Яўлінскі („Яблака”) — 1,04%; Барыс Цітоў (Партыя росту) — 0,75%; Максім Сурайкін (Камуністы Расеі) — 0,68%; Сяргей Бабурын (Расейскі агульнанародны саюз) — 0,65%.

Уладзіміра Пуціна ўжо павіншавалі з перамогай прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура і кіраўнік сепаратысцкай Абхазіі.

* * * 

Сталі вядомыя папярэднія вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расеі

Як і прагназавалася Уладзімір Пуцін займеў высокі працэнт галасоў – ажно 73,9 і стаў прэзідэнтам на чарговы тэрмін.

Пра гэта сведчаць вынікі экзіт-полаў, праведзеных Усерасейскім цэнтрам вывучэння грамадскага меркавання, перадае РИА Новости.

Паводле апытанняў ВЦИОМ, вылучаны ад КПРФ Павел Грудзінін набірае 11,2 працэнта галасоў, Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР) — 6,7 працэнта, Ксенія Сабчак («Гражданская инициатива») — 2,5, Грыгорый Яўлінскі («Яблоко»), — 1,6, Барыс Цітоў (Партия Роста) — 1,1.

Яўка выбарцаў паводле дадзеных ЦВК за гадзіну да заканчэння галасавання складала 60%.

Беларускае Радыё Рацыя