Вялікабрытанія прапануе часовы мытны саюз з ЕЗ пасля Brexit



Вялікабрытанія прапануе Бруселю стварыць «часовы мытны саюз» пасля таго, як краіна пакіне ЕЗ у сакавіку 2019 года.

Пра гэта паведамляе ВВС.

Брытанскія міністры заявілі, што прапановы прадугледжваюць свабодны гандаль з астатняй часткай Еўропы. Гэта дапаможа прадухіліць праблемы на мяжы пасля Brexit.

На працягу гэтага часовага перыяду Вялікабрытанія таксама чакае, што зможа весці перамовы адносна ўласных міжнародных гандлёвых пагадненняў, чаго яна не можа рабіць як член мытнага саюза ЕЗ.

Як толькі гэты тэрмін скончыцца, Вялікабрытанія будзе спрабаваць ўзгадніць альбо «добра наладжаную» мяжу з ЕЗ, альбо новае «партнёрства» без мытнай мяжы наогул.

Урад заявіў, што часовыя дамоўленасці азначаюць, што прадпрыемствам прыйдзецца толькі адзін раз прыстасоўвацца да новых пагадненняў. Для гэтага трэба будзе правесці перамовы з ЕЗ, але абодва бакі яшчэ не прыступілі да абмеркавання пытанняў гандлю.

Дакумент аб новым мытным саюзе з’яўляецца першым з серыі прапаноў, якія будуць апублікаваныя урадам Вялікабрытаніі па ключавых пытаннях перамоваў з ЕЗ.

У сераду чакаецца выклад прапаноў адносна мяжы паміж Паўночнай Ірландыяй і Рэспублікай Ірландыя.