Вялікабрытанія. Вяртанне пашпарту



Вялікабрытанія, як і іншыя краіны Еўропы, пакутуе на каронавірус, аднак гэта — не падстава, каб адмяняць працэс выхаду краіны са складу Еўразвяза.

У рамках Brexit брытанцам пачалі раздаваць пашпарты новага дызайну. На вокладцы такіх пашпартоў адсутнічае надпіс „Еўрапейкі звяз”. Таксама дакумент мае блакітны, а не чырвоны колер.

Першым уладальнікам пашпарту новага ўзору аказалася Даніэла Хагман — дзяўчынка, якой напярэдадні споўніўся адзін год, што дазваляе ёй, паводле мясцовых законаў, ужо мець пасведчанне асобы. Дарэчы, яе 25-гадовая маці кажа, што не ведае, што такое Brexit, і ўвогуле яна не цікавіцца палітыкай.

Але найбольш узрушыла брытанцаў тое, што пашпарты друкуюцца ў Польшчы на прадпрыемстве, якое належыць фірме з Нідэрландаў. За друк пашпартоў яна атрымае амаль 200 мільёнаў еўра.

Усё гэта выклікала шмат жартаў на адрас прэм’ера Борыса Джонсана, які абяцаў за кошт Brexit забяспечыць брытанцаў працоўнымі месцамі.

novychas.by