Вялікабрытанія выказала шкадаванне ў сувязі з затрыманнямі мірных дэманстрантаў у Беларусі



Вялікабрытанія выказвае шкадаванне ў сувязі з затрыманнямі мірных дэманстрантаў у Беларусі, заявіла намеснік дзяржсакратара, міністр па пытаннях еўрапейскага суседства і справах Амерыкі Злучанага Каралеўства Уэндзі Мортан у тэлефоннай размове з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем.

Размова адбылася 14 ліпеня. Па яе выніках знешнепалітычнае ведамства Беларусі паведаміла: „Бакі выказалі задавальненне пазітыўнай дынамікай развіцця беларуска-брытанскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, абмеркавалі шляхі яго актывізацыі ў будучыні Адбыўся абмен думкамі аб ходзе правядзення прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі”.

Сёння гутарку пракаментавала Мортан. „Гутарыла з беларускім міністрам замежных спраў Макеем раней на гэтым тыдні, — напісала яна ў „Твітэры”. — Абмяркоўвалі развіццё адносін паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю. Я выказала шкадаванне з нагоды затрыманняў мірных дэманстрантаў і выключэння кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца. Беларусь павінна адстойваць дэмакратычныя свабоды”.

16 ліпеня сітуацыю ў Беларусі таксама пракаментавала прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Морган Артагус: „Мы глыбока занепакоеныя паведамленнямі аб масавых пратэстах і затрыманнях мірных актывістаў і журналістаў. Мы лічым надзвычай важным для ўрада забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у выбарах”.

14 ліпеня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, якія лічыліся асноўнымі сапернікамі Аляксандра Лукашэнкі. Вечарам у Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць рашэння ЦВК. Паводле звестак праваабаронцаў, толькі ў сталіцы было затрымана не менш за 280 чалавек.

Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы „па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Мінска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

Штаб Бабарыкі заявіў, што будзе аспрэчваць рашэнне аб яго нерэгістрацыі кандыдатам і прапанаваў грамадзянам накіроўваць у ЦВК адпаведныя скаргі. З раніцы 15 ліпеня людзі пачалі займаць чаргу ў Цэнтрвыбаркам, каб падаць такія скаргі. Чарга з больш чым дзвюх тысяч чалавек расцягнулася на некалькі кіламетраў. Людзі стаялі да 19.00 і пачалі разыходзіцца пасля завяршэння працы ЦВК. Паводле звестак праваабаронцаў, у цэнтры Мінска 15 ліпеня было затрымана не менш за 20 чалавек.

У той жа дзень у інтэрв`ю РІА Новости кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтыя акцыі арганізаваны перадвыбарнымі штабамі тых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якім адмоўлена ў рэгістрацыі.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.

belapan.by

[manual_related_posts]