Вярхоўная Рада прагаласавала за забарону антыўкраінскай друкаванай прадукцыі



Вярхоўная Рада прагаласавала за забарону антыўкраінскай друкаванай прадукцыі з тэрыторыі Расеі. Ад цяпер ва Украіну не будуць прапускаць кнігі, якія прапагандуюць дзяржаву-агрэсара і падтрымліваюць акупацыю.

2016-09-12_achromienka_zabarona_rasejskich_knih

Прыхільнікі расейскай літаратуры чыстае красы могуць не хвалявацца – кнігі Талстога, Чэхава, Дастаеўскага, Блока і іншых расейскіх класікаў ніхто ва Украіне не забараняе. Размова ідзе пра літаратурную масавую культуру, дзе галоўныя станоўчыя персанажы, усялякія афіцэры ФСБ, ГРУ, спецназаўцы і наёмнікі змагаюцца за інтарэсы Расеі на чужынскай тэрыторыі.

Вось толькі некаторыя назвы падобнай кніжнай прадукцыі: «Украина – это руина», «Герои ДНР против украинских карателей», «Украина: русские идут!» і гэтак далей. Да нядаўняга часу падобная прадукцыя маскоўскіх выдавецтваў вольна прадавалася ва ўкраінскіх кнігарнях.

Рашэнне па забароне тых ці іншых кніг будзе прымацца асобна. Для гэтага пры Міністэрстве культуры мае быць створаная экспертная рада, якая будзе аналізаваць друкаваную прадукцыю з Расейскай Федэрацыі.

Нагадаем, што падобныя кнігі вольна прадаюцца ў беларускіх кнігарнях і пазіцыянуюцца на кніжных форумах у якасці «патрыятычна-выхаваўчай літаратуры».

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя