Вярхоўны суд адмовіў АГП у задавальненні скаргі на папярэджанне Мінюста



Вярхоўны суд 17 мая адмовіў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў задавальненні скаргі на папярэджанне Міністэрства юстыцыі.

Суддзя Мікалай Бабкоў палічыў, у прыватнасці, непераканаўчымі довады пра тое, што заяўку на правядзенне вулічнага мерапрыемства ў Дзень Волі 25 сакавіка падаваў асобны сябра партыі, які не быў упаўнаважаны на гэта афіцыйным рашэннем АГП.

На думку намесніка старшыні АГП Антаніны Кавалёвай, прадстаўнік Мінюста не меў падстаў заяўляць, што менавіта Аб’яднаная грамадзянская партыя з’яўлялася заяўнікам акцыі. Паводле яе слоў, спасылкі на СМІ не з’яўляюцца доказам таго, што „менавіта ўпаўнаважаны прадстаўнік партыі з’яўляўся арганізатарам мерапрыемства”. „Член АГП падаваў заяўку на правядзенне акцыі, але гэта не гаворыць аб тым, што заяўка была падпісаная АГП як юрыдычнай асобай”, — сказала Кавалёва. Калі папярэджанне і павінна выносіцца, то не арганізацыі, а толькі фізічнай асобе, якая падавала заяўку на правядзенне акцыі.

Дзеянні ўладаў 25 сакавіка, калі праваахоўнымі органамі былі затрыманыя сотні грамадзян у цэнтры Мінска, Кавалёва назвала „надзвычайнымі і скіраванымі супраць мірных грамадзян, якія хацелі адзначыць свята”.

Згодна з папярэджаннем, прадстаўнік АГП з’яўляўся арганізатарам масавага мерапрыемства, якое планавалася на 25 сакавіка ў Менску, і распаўсюджваў інфармацыю пра Дзень Волі. Афіцыйнага дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не было, таму, лічаць у Мінюсце, ён парушыў патрабаванні законаў „Аб масавых мерапрыемствах” і „Аб палітычных партыях”.

У АГП лічаць, што папярэджанне не адпавядае патрабаванням заканадаўства. У звароце ў Вярхоўны суд адзначана, што згодна з заканадаўствам пісьмовае папярэджанне палітычнай партыі можа быць вынесенае толькі ў выпадку ажыццяўлення дзеянняў, якія парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, закон „Аб палітычных партыях”, іншыя акты заканадаўства і (або) статут палітычнай партыі.

Заяўнікамі акцыі на Дзень Волі выступалі адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі, член Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, прадстаўнікі руху „За Свабоду” Аляксандр Русевіч, АГП Ягор Віняцкі і руху салідарнасці „Разам” Алесь Макаў.

Нягледзячы на патрабаванне заканадаўства паведамляць пра сваё рашэнне заяўнікам масавых мерапрыемстваў не пазней як за пяць дзён да іх правядзення, Мінгарвыканкам абвясціў аб рашэнні толькі вечарам 24 сакавіка, менш як за суткі да акцыі. Пасля гэтага Макаў, адзіны з тых, хто прыйшоў на сустрэчу з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў заяўнік, адмовіўся ад правядзення санкцыянаванай акцыі.

Аналагічныя папярэджання Мінюст вынес Партыі БНФ і руху „За Свабоду”. Разгляд скаргі Партыі БНФ адбудзецца 18 мая, руху „За Свабоду” — 24 мая.

БелаПАН