Рух „За Свабоду” пад пагрозай афіцыйнай ліквідацыі



Суддзя Нэлі Каўшун палічыла, што Рух „За Свабоду” павінен несці адказнасць за дзеянні сябраў арганізацыі, якія, па дадзеных Міністэрства юстыцыі, парушылі заканадаўства.

Як паведаміў старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне ў канцы сакавіка за тое, што арганізатары святкавання Дня Волі заклікалі людзей на акцыю да атрымання афіцыйнага дазволу:

– Відавочна, што гэта была палітычная замова – даць папярэджанне тым арганізацыям, якія афіцыйна зарэгістраваныя і выступілі заяўнікамі Дня Волі. Хаця так ці інакш заяўка падавалася ад фізічных асобаў. Гэта была спроба максімальна напалохаць разам з іншымі відамі рэпрэсій, такімі як затрыманне і збіццё актывістаў на вуліцах горада Менска, у рэгіёнах – завядзеннем крымінальных справаў. Яны вырашылі, што трэба яшчэ зрабіць ціск і на зарэгістраваныя структуры. 

Па словах Юрася Губарэвіча, у заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах прапісана, што ў выпадку вынясення паўторнага папярэджання на працягу года, гэта можа прывесці да ліквідацыі арганізацыі. У дадзеным выпадку пад пагрозай Рух „За свабоду”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя