Выбарчая кампанія ў мясцовыя органы ўлады „ажывілася”



Выбарчая кампанія ажывілася — такое меркаванне ў інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 11 лютага, выказала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

У нас заўсёды кандыдаты дзейнічалі вельмі сумна. Нічога акрамя нейкіх сустрэч у працоўных калектывах у перыяд перадвыбарнай агітацыі, як правіла, не было. Цяпер з’явілася і развіваецца дастаткова добра вулічная агітацыя. Гэта значыць магчымасць выкарыстання спрошчанага спосабу арганізацыі мітынгаў і пікетаў. І нашы кандыдаты сталі рэальна ўтвараць выбарчыя фонды за свой кошт. І рабіць на іх перадвыбарныя ўлёткі і плакаты. Ажывілася выбарчая кампанія„, — канстатавала Ярмошына.

Яна адзначыла, што „дэпутацтва ў нас у краіне — гэта бясплатнае выкананне грамадскіх абавязкаў”. І разлічваць, паводле яе слоў, „што кандыдаты заўзята будуць змагацца за дэпутацкі мандат і актыўна праводзіць сваю агітацыйную працу, вядома, не варта”.

Гаворачы пра ўдзел у мясцовых выбарах апазіцыйных партый, Ярмошына сказала, што „ў асноўным яны ігнаруюць і цяпер”. Паводле яе слоў, „толькі чатыры партыі з ліку апазіцыйных, а іх у нас каля васьмі (у выбарах удзельнічаюць 15 палітычных партый), удзельнічаюць у выбарах”. „Гэта зусім не поўны ўдзел”, — канстатавала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

У тэрытарыяльных, акруговых выбарчых камісіях, у ЦВК, як паведаміла Ярмошына, акрэдытавана 10,5 тыс. назіральнікаў. З іх у апазіцыйных партый назіральнікі толькі ў Цэнтральнай камісіі. „Іх не цікавіць звычайная праца на месцах”, — зрабіла выснову кіраўнік ЦВК.

Што тычыцца міжнародных назіральнікаў, то, паводле слоў Ярмошынай, ужо акрэдытавана 42 чалавекі. Гэта супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія працуюць у Беларусі. „У асноўным гэта еўрапейскія дзяржавы, Венесуэла, Расія, Злучаныя Штаты”, — расказала кіраўнік ЦВК.  БелаПАН