Выбаркамы не хочуць лічыць галасы сумленна



Участковыя выбарчыя камісіі яшчэ да пачатку галасавання абвяшчаюць, што не забіраюцца лічыць галасы сумленна і галосна.

Гэта вынікае з адказу, які быў атрыманы ад старшыні ўчастковай выбарчай камісіі сябрам БНФ Валерам Рабцавым, які зарэгістраваны назіральнікам па ўчастку №65 у Заводскім раёне Менску.

Назіральнік Валер Рабцаў звярнуўся ў камісію з прапановай, распрацаванай міжпартыйнай кампаніяй назірання «Права выбару» датычна галоснага і адкрытага падліку выбарчых бюлетэняў і празрыстага падсумавання вынікаў гэтага падліку. У прыватнасці, дзеля забеспячэння сумленнага падліку галасоў, на падставе артыкулаў 13 і 44 Выбарчага кодэкса, назіральнік Валер Рабцаў прапанаваў рабіць падлік наступным чынам:

Сябры ўчастковай камісіі збіраюць бюлетэні ў агульны стос. Затым адзін з сябраў камісіі сартуе бюлетэні, пададзеныя за кожнага з кандыдатаў, супраць усіх кандыдатаў, а таксама несапраўдныя бюлетэні. Пры сартаванні абвяшчаецца выбар выбаршчыка, кожны бюлетэнь дэманструецца астатнім сябрам камісіі, назіральнікам і раскладваецца ў стосы насупраць адпаведных таблічак. Затым бюлетэні ў стосах падлічваюцца. В выпадку сумневаў у слушнасці падліку галасоў любы сябра камісіі мае права пералічыць бюлетэні. Вынікі падліку абвяшчаюцца старшынём участковай камісіі.

Нягледзячы на тое, што гэткая прапанова абсалютна не супярэчыць выбарчаму заканадаўству і відавочна пазбаўляе падлік галасоў ад абвінавачванняў у махлярстве, адказ старшыні камісіі №65 быў лаканічны:

„Гласный пересчет каждого бюллетеня, находящегося в ящике для голосования, законодательством не предусмотрен”.

„Учытайцеся, калі ласка, у апошні радок гэтага адказу – у вас адразу знікнуць ілюзіі пра сумленны падлік галасоў на гэтых выбарах” – канстатуе сябра БНФ Валер Рабцаў.

Прэс-служба Партыі БНФ