Выбары-1990: другі і трэці тур былі яшчэ «гарачэй»



Пасля галасавання 4 сакавіка 1990 года выявілася, што не ва ўсіх акругах выбары адбыліся, як у Вярхоўны Савет БССР, так і ў мясцовыя Саветы народных дэпутатаў. Таму ў сакавіку-траўні прайшлі, як тады казалі давыбары, а па вялікім рахунку гэта быў другі тур, а недзе спатрэбіўся і трэці.

Пра перадвыбарчую сітуацыю Беларускае Радыё Рацыя ўжо публікавала вялікі матэрыял «Пінск-1990: галасую за Беларусь!», а цяпер засяродзім увагу на тых самых давыбарах. Як і ў першым артыкуле разгледзім пытанне на прыкладзе Пінска.

Адзін з першых мітынгаў апазіцыі ў Пінску, красавік 1990 год. Сярод выступоўцаў: мастак Яўген Шатохін і дэпутат ВС БССР Віктар Алампіяў.

Кандыдат просіць прабачэння ў выбаршчыкаў

Дырэктар Пінскага камбіната сілікатных вырабаў Барыс Косцін, які вылучаўся ў Берасцейскі абласны Савет народных дэпутатаў, прасіў прабачэння. Усё з-за таго, што па ягонай акрузе быў прызначаны трэці тур. Барыс Васільевіч вельмі хваляваўся, што прыходзіцца ў трэці раз турбаваць грамадзян і ў адной з улётак папрасіў дараваць яму за гэта.

(…) Прабачце за турботы. У выніку недасканаласці Закона аб выбарах Вам даводзіцца галасаваць у абласны Савет у 3-ы раз. На першым этапе мне ўдалося перамагчы ўсіх траіх сваіх канкурэнтаў. Калі Вы палічыце магчымым на выбарах 5 траўня яшчэ раз выказаць мне давер, я са свайго боку пастаўлюся да яго з вялікай адказнасцю незалежна ад таго, дзе б я ні працаваў на вытворчай або грамадскай ніве.

 Зварот Б.Косціна

Участковая выбарчая камісія інфармуе

Акрамя кандыдатаў, прыйсці на давыбары заклікалі і ўчастковыя камісіі. Яны праз свае ўлёткі-запрашэнні звярталіся да канкрэтнага грамадзяніна, тады таварыша. Выбаршчыка інфармавалі ня толькі пра дзень і месца ўчастка для галасавання, але і давалі вытрымку пра хаду галасавання з адпаведнага закона БССР.

 Запрашэнне участковай выбарчай камісіі

Не галасуйце за прадстаўнікоў Кампартыі і савецкага апарата!

Група выбаршчыкаў «Прагрэс», а тады розных груп на кожнай акрузе было бадай столькі ж, колькі саміх кандыдатаў. У кожнага свая каманда падтрымкі. Дык вось «Прагрэс» звярнуўся да пінчукоў з заклікам не аддаваць свой голас за прэтэндэнта ад КПБ ці органаў улады.

(…) Дыскрэдытаваўшы сябе апарат з усіх сіл чапляецца за ўладу, на выбарах 4 і 18 сакавіка народ сказаў ім не. Але яны без усялякага сораму зноў вылучаюць сябе ўжо па акругах без альтэрнатывы, спадзеючыся на вашую абыякавасць. Пінчукі, дзеля сваіх дзяцей і ўнукаў, задумайцеся і зрабіце выбар: Пінск або Галавешкін.

Улётка групы выбаршчыкаў «Прагрэс»

Хто, як не дырэктар ЖКГ ведае праблемы і патрэбы гараджан?

Такім рытарычным пытаннем задавалася ініцыятыўная група кандыдата ў дэпутаты ВС БССР Віталя Бялінскага, які на той момант узначальваў жыллёва-камунальную гаспадарку. Выбаршчыкаў запэўнівалі, што таварыш Бялінскі прынцыповы, адукаваны чалавек, які ведае сваю справу. Ён хоча, каб людзі заставаліся задаволеныя працай службаў і падраздзяленняў ЖКГ, імкнецца паляпшаць жыллёвыя ўмовы гараджан, іх побыт і дабрабыт.

У падтрымку дырэктара ЖКГ

Волкаў vs Шатохін: барацьба да апошняга за мандат у Вярхоўным Савеце

Па Пінска-Заходняй выбарчай акрузе №132 вылучалася некалькі кандыдатаў, але самае сутыкненне адбылося паміж навукоўцам Анатолем Волкавым і мастаком Яўгенам Шатохіным. Першага актыўна падтрымліваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», а другога шырокая кааліцыя дэмакратычных сіл горада і асабіста дэпутат ВС БССР Віктар Алампіяў (гл.: «Пінск-1990: галасую за Беларусь!»).

Хапіла ўсяго: інтрыгі, бруд, абвінавачванні. Праводзілася нават грамадскае разбіральніцтва па факце праўдзівасці навуковых заслугаў Волкава. І вось на гэтым засяродзім увагу.

Адзін з агітацыйных плакатаў Шатохіна

У красавіку 1990 года дзесяць навукоўцаў, усе тады супрацоўнікі Палескага комплекснага аддзела БелНДІМ і ВГ (Беларускі навукова-даследчы інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі) склалі ліст у рэгіянальную газету «Палеская праўда». У лісце выказаліся рэзка негатыўна пра Волкава. Аўтары мелі надзею, што яго надрукуюць на старонках выдання, але памыліліся. Выйшла нават наадварот – замест калектыўнай характарыстыкі Волкава газета змясціла вялікае станоўчае інтэрв’ю з кандыдатам. У выніку ліст навукоўцаў размножылі актывісты і распаўсюдзілі сярод жыхароў Пінска. Пачытаем!

(…) 24 красавіка гэтага года «Палеская праўда» пад загалоўкам «Тэлеграма ў нумар» змясціла зварот Камітэта па выратаванні Дняпра да выбаршчыкаў горада Пінска з заклікам прагаласаваць за кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Волкава Анатоля Ягоравіча. У дадзеным звароце тав. Волкаў А.Я. характарызуецца як буйны беларускі радыёлаг, сумленны бескампрамісны навуковец, слаўны сын Беларусі.

Супрацоўнікі Палескага комплекснага аддзела БелНДІМ і ВГ, якія прапрацавалі разам з тав. Волкавым А.Я. больш пятнаццаці гадоў, прытрымліваюцца дыяметральна процілеглага меркавання пра яго. Тав. Волкаў ніколі навукоўцам-радыёлагам ня быў і сам такім не з’яўляецца.

Аграном па адукацыі, узначальваючы ў Палескім комплексным аддзеле БелНДІМ і ВГ лабараторыю першаснага асваення меліяраваных зямель і не знайшоўшы сябе ў гэтай галіне, тав. Волкаў А.Я., пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прыбіўся да воінскіх фармаванняў, якiя працуюць у зоне забруджвання і, атрымліваючы ад іх некаторую радыёлагічную інфармацыя, не толькі падае яе як вынік уласных навуковых даследаванняў, але і робіць далёкасяжныя, недарэчныя з пункту гледжання навуковай логікі, высновы.

Тое, што тав. Волкаў А.Я. з’яўляецца несумленным навукоўцам, пацвярджае не толькі гэты факт, але і выпадак, які меў месца, калі пры напісанні манаграфіі ён прысвоіў і выдаў за свае вопытныя дадзеныя іншых даследчыкаў (што зʼявілася прадметам абмеркавання на секцыі вучонага Савета).

 З улёткі ў падтрымку Волкава, якую выдаў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль»

І, нарэшце, чаму тав. Волкаў А.Я. зʼяўляецца слаўным сынам Беларусі? Па нацыянальнасці тав. Волкаў А.Я. сябе лічыць украінцам (прынамсі так піша ў анкетах), нарадзіўся ў Херсонскай вобласці, а працаваў не толькі ў Беларусі, але і на Кубе. Таму і не ясна, чаму менавіта слаўны сын Беларусі, а не Украіны ці Кубы.

Шматлікія выступы тав. Волкава А.Я. перад грамадскасцю горада і ў друку характарызуюць яго як неадукаванага чалавека (ніякай групы навукоўцаў ён не ўзначальвае) у элементарных пытаннях радыялогіі. Напрыклад, у інтэрвʼю, апублікаваным у газеце «Палеская праўда» №67 ад 25 красавiка 1990 года, ён сцвярджае, што 30-50 мікра-кюры менш аднаго кюры ў 40 разоў, тады як у рэчаіснасці – у 20000 разоў…

У канцы ліста аўтары звінавацілі Волкава ў тым, што ён спрабуе спекуляваць на трагедыі Чарнобыльскай АЭС ды рашуча выказаліся, што ён не заслугоўвае быць народным абраннікам і знаходзіцца ў ВС БССР. Подпісы паставілі: Каваленка У.П., Русецкі А.П., Леснікоў М.Ф., Мядзведскі М.Ф., Галкоўскі У.Ф. (кандыдаты тэхнічных навук), Несцярэнка Е.К., Феліпенка В.С. (кандыдаты эканамічных навук), Кахнюк П.Я. (вядучы інжынер БелНДІМ і ВГ), Пазняковіч В.К. (навуковы супрацоўнік БелНДІМ і ВГ) і Яфімаў А.У. (навуковы супрацоўнік БелНДІМ і ВГ). Супраць Волкава і ў падтрымку Яўгена Шатохіна выказаўся абраны ў другім туры дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Віктар Алампіяў. Дэпутат звярнуўся да пінчукоў праз улётку, якая з’явілася ў паштовых скрынях гараджан на пачатку траўня.

 Зварот да жыхароў Пінска Алампіява

Яўген Шатохін саступіў Анатолю Волкаву. Абодва ўжо нябожчыкі і сышлі амаль у адзін час. Абодва далёка вядомыя па-за межамі Пінска і пра кожнага памятаюць пінчукі. Волкаў мае пашану за «Чарнобыльскі цэнтр у Пінску», які ў народзе назавуць «Цэнтр Волкава». Цяпер установы няма, замест яе адная з гарадскіх паліклінік, але на будынку ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар Анатоля Волкава.

У выніку ў Вярхоўны Савет БССР (з 1991 года РБ) было абрана 360 дэпутатаў. Абранаму тады Вярхоўнаму Савету БССР наканавана стаць першым парламентам суверэннай Беларусі, а рэгіянальныя Саветы народных дэпутатаў атрымалі на месцах рэальныя паўнамоцтвы самакіравання.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя