Выказванні Лукашэнкі ставяць пад сумнеў існаванне Саюзнай дзяржавы



Чуткі пра намер Беларусі выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза і Саюзнай дзяржавы, якія з’явіліся нядаўна ў расейскіх СМІ, з’яўляюцца «поўным выдумкай». Пра гэта Аляксандр Лукашэнкаў заявіў у Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ. Пры гэтым ён прызнаў, што ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў не вырашаюцца пытанні, пра якія раней бакі дамаўляліся. Па яго словах, уступаючы ў інтэграцыйныя аб’яднанні з Расеяй, Беларусь разлічвала, што яны будуць заснаваныя «на раўнапраўі, што будуць роўныя ўмовы». Каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:

– Відаць, набалела, даволі  жорстка, што не звычайна напярэдадні паседжання вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, і шмат абвінавачванняў – ажно да таго, што Данкверта трэба пасадзіць у турму. Сітуацыя такая, што сапраўды вельмі жорсткая размова. Фактычна гучаць абвінавачванні Расеі ў тым, што яна мяжу стварае, што, на мой погляд, не зусім так. Гэта сведчыць пра тое, што зараз вельмі напружаня сітуацыя ў адносінах.

Лукашэнка заявіў, што з-за няроўных цэнаў і ўмоваў у рамках Мытнага саюза Беларусь страціла 15 мільярдаў даляраў. Падобную сітуацыю ён лічыць «ненармальнай». Са свайго боку прэс-служба расейскага прэзідэнта падкрэсліла, што Расея аказвае Беларусі маштабную эканамічную, палітычную ды іншую дапамогу. З 2011 па 2015 гады бяспошлінна штогод у Беларусь пастаўлялася 18-23 млн тон нафты. Агулам за гэты перыяд расейскі бюджэт недаатрымаў больш за $22 млрд. Усё гэта з’яўляецца нічым іншым, як простай і ўскоснай падтрымкай Беларусі, — заявіла прэс-служба Пуціна.

Дадамо таксама, што Лукашэнка пабіў рэкорд працягласці сваіх прэс-канферэнцый. Сустрэча 3 лютага доўжылася 7 гадзін і 19 хвілін. Ранейшы рэкорд, пастаўлены 29 студзеня 2015 года, складаў 7 гадзін і 8 хвілін.

* * *

«Саюзнай дзяржавы не існуе», – робіць выснову з выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра адносіны з Расеяй міжнародны агладальнік Раман Якаўлеўскі. У Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці пад назвай «Вялікая размова з прэзідэнтам» Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў расейскіх партнёраў, але выключыў выхад краіны з саюзных структур – АДКБ і Еўразэс. Каментуе Раман Якаўлеўскі:

– Ён абверг інфармацыю „Рэгнум” і сказаў, што вайсковым вучэнням “Захад-2017” – быць. І расейскія часткі як прыедуць сюды, так і паедуць.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хацеў бы, каб «канфлікт наверсе ні ў якім выпадку не апусціўся данізу». Прэзідэнты — Лукашэнка, Пуцін — прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. Рана ці позна, мы ўсе роўна дамовімся», – лічыць беларускі кіраўнік. У сваю чаргу аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае,  што «ніхто не зможа прагназаваць развіццё чарговай фазы абвастрэнняў у стасунках Лукашэнкі і Пуціна, бо акрамя іх ніхто ў сваіх краінах нічога не вырашае».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя