Вынікі выбараў ва Украіне не на карысць Лукашэнку



У Аляксандра Лукашэнкі маюцца ўсе падставы, каб мець негатыўнае стаўленне да новага кіраўніка Украіны Уладзіміра Зяленскага, лічыць старшыня цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька. На яго погляд, тое, што зрабіў Зяленскі ва Украіне, руйнуе тое, што Лукашэнка будаваў 25 гадоў у Беларусі, тлумачыць палітык.

– Па-першае, гэта сапраўдныя сумленныя выбары, якія дазваляюць атрымаць падтрымку выбаршчыкаў. Тое, што Лукашэнка намагаецца рабіць дзякуючы Ярмошынай, Вакульчыку, махлярству, махінацыям, спекуляцыям, аказваецца, можна зрабіць справядліва, сумленна. І так можа быць пры сапраўдных выбарах, а не тым лахатроне, які ёсць у Беларусі. Канешне, гэта моцны пасыл з Кіева ў Беларусь. І, канешне, людзі гэта бачаць, заўважаюць. І гэта не на карысць Аляксандру Лукашэнку.

А па-другое, Лукашэнка увесь час кажа, што прэзідэнцтва – гэта надзвычайная місія, якую шараговы грамадзянін не можа пацягнуць, а толькі тыя, хто адзначаны Богам. А ва Украіне ўзяў і перамог звычайны акцёр, дадае палітык Анатоль Лябедзька.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]