Выпускніцу юрфака БДУ асудзілі на 15 сутак за выступ на ўручэнні дыпломаў



Кацярына Віннікава ў зале суда не прысутнічала. Яе судзілі праз скайп, паколькі выпускніца знаходзіцца на Акрэсціна. Суд Ленінскага раёна Менска вынес рашэнне – 15 сутак арышту, паведамляе телеграм-канал law_verum.

Кацярыну абвінавачвалі па арт. 24.23 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (нібыта яна была супраць крымінальнага пераследу Максіма Знака у сваёй прамове на ўручэнні дыпломаў). Як адзначае крыніца, міліцыя не дала ніякіх доказаў віны Каці. Дзяўчына добраахвотна прыйшла ў РУУС, дзе з ёй гутарылі сем гадзін а пасля затрымалі.

На судзе Кацярына Віннікава віну не прызнала.

На пытанне суддзі «Які сэнс вы ўкладвалі ў сваю прамову?» Кацярына адказала: «Падзяка ўсім, хто паўплываў на маё станаўленне як чалавека і юрыста».

Суддзя: – Не з мэтай публічнага выказвання палітычных інтарэсаў і нязгоды з затрыманнем Знака?

Кацярына: – Не, не з мэтай.

Суддзя: – Ці ўсё выкладчыкі з спісу выкладалі ў студэнткі асабіста?

Кацярына: – Альбо выкладалі, альбо пад іх кіраўніцтвам пісаліся навуковыя працы.

Сведкі сцвярджаюць, што гаворка Каці была выключна падзячнай. Таксама яе гаворка была прадугледжана рэгламентам, а сама Каця была абраная як спікер, паколькі з’яўляецца добрай студэнткай і на рахунку ў адміністрацыі факультэта.

У рапарце супрацоўнікаў міліцыі быў зроблены ўпор на поясе вакол сукенкі і на згадку юрыста Максіма Знака.

На цырымоніі ўручэння дыпломаў Кацярына Віннікава падзякавала звольненых выкладчыкаў і юрыстаў, супраць якіх узбуджаныя крымінальныя справы. На наступную раніцу ў яе пакоі ў інтэрнаце прайшоў ператрус.