Як адрэагуе Захад на рэпрэсіі беларускіх уладаў?



Вядомы беларускі і польскі журналіст Андрэй Пачобут мяркуе, што Дзень Волі можа стаць вырашальным у далейшых узамаадносінах Беларусі і Захада.

У той час, калі ў краіне працягвала працаваць рэпрэсіўная машына, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Размаўлялі ў тым ліку і пра дэмакратыю…

Андрэй Пачобут: Відавочна, што пакуль тое, што адбываецца ў краіне, яшчэ не паўплывала на беларуска-еўрапейскія стасункі. Хаця тыя заходнія палітыкі, якія зааганжаваныя ў дыялог з беларускай уладай, ужо занепакоеныя тым, што адбываецца. Усё ж такі хваля рэпрэсій вельмі значная, пачаты крымінальныя справы. Па сутнасці, Беларусь вяртаецца да стану 2010 года, хоць ўсё ж такі трэба пачакаць, што будзе адбывацца 25 сакавіка і пасля гэтага.

РР: Што вы думаеце адносна той крымінальнай справы, што заведзена на “баевікоў”?

Андрэй Пачобут: Шчыра кажучы, тая доказная база, што дэманструецца ў СМІ, яна малапераканаўчая. Калі ўлады ўсё ж вырашаць зрабіць з гэтага буйную крымінальную справу, то мне падаецца, што гэта можа паўплываць на адносіны з Захадам. Не абавязкова гэта перакрэсліць дыялог, але паўплывае. Тым больш, ужо сёння беларускі рэжым пачынае вінаваціць у фінансаванні і ледзь не падрыхтоўцы баевікоў і краіны Захада – Польшчу, Літву… Усё гэта, безумоўна, знішчыць тую добрую атмасферу, якая была ў адносінах тых жа Варшавы і Менска цягам апошняга часу. 

РР: Як суадносіць візіты еўрачыноўнікаў у Менск і адначасова беспадстаўныя збіцці людзей, як гэта здарылася з тым жа Алесем Лагвінцом? Дэманстратыўны выклік Захаду?

Андрэй Пачобут: Я думаю, што галоўнае для рэжыма – захаванне сваёй ўлады. І менавіта дзеля гэтага, дзеля захавання ўласнай стабільнасці адносіны з Захадам могуць быць размарожаныя. Калі сітуацыя стала пагражаць уладзе, то яна і пачала жорстка дзейнічаць. Хаця, шчыра кажучы, не бачна, каб хваля пратэстаў неяк сур’ёзна дэстабілізавала сітуацыю ўнутры краіны. Пратэстныя настроі ёсць, але яны не выклікалі нейкага вялікага рэзанансу. Людзі выходзяць на плошчы – і разыходзяцца. Але рэжым убачыў тут пагрозу і пачаў бараніць сябе. Улада прэвентыўна выкарыстоўвае сілавы блок дзеля ціску, каб пратэсты не разрасталіся. Яна лічыць, што пагроза ад пратэстаў значна больш вялікая, чым тыя карысці, якія нясе дыялог з Захадам. Хаця і ад дыялога як быццам адмаўляцца не збіраецца і спрабуе яго захаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя