Як Беларусь пхнуць у кабалу



Публіцыст Віталь Станішэўскі падзяліўся з нашай рэдакцыяй сваім бачаннем геапалітычнай сітуацыі Беларусі і вакол яе:

На Беларусь насоўваецца рэйдарскі захоп. Расея са свядомай ці несвядомай дапамогай іншых краін і беларускага альянсу карысных ідыётаў і простых здраднікаў заганяе яе ў кабалу, доўгавую яму, змушаючы яе адмовіцца ад фармальнага і фактычнага суверэнітэту.

З аднаго боку гэта вынікае з аналізу бягучых падзей, і апаненты, як заўжды, могуць запярэчыць, маўляў, што вы фарбы згушчаеце, канспіралогія нейкая, і ўвогуле гэта не краіну душаць, а рэжым Лукашэнкі. Але з іншага боку, гэтыя падзеі прагназаваліся тым, хто якраз супраць дыктатара Лукашэнкі, хто апісваў гэтыя падзеі як рэйдарскі захоп менавіта краіны і, больш таго, хто адрасаваў гэта як папярэджанне самому Лукашэнку. Задушэнне Беларусі фінансава-эканамічнымі метадамі як найбольш перспектыўны варыянт расейскага аншлюсу апісваў Уладзімір Мацкевіч. І калі вораг сапраўды пачынае карыстацца брэшамі ў абароне дзяржавы, якія ласкава апісаў Мацкевіч, то не выпадае рабіць выгляд, што ён меў на ўвазе іншае. І калі нехта ў супадзенні змагання з рэжымам і змагання з краінай выбірае не заўважаць змагання з краінай, то ён здраднік сваёй краіны.

З часу захопу Крыма Расеяй беларуская дыпламатыя падавала сігналы Захаду, што хоча падтрымкі і бачыць небяспеку для незалежнасці Беларусі. Сігналы былі пачуты, і раней антызаходняя і зацыкленая на Расеі афіцыйная Беларусь пачала паварочвацца да Захаду, займацца шматвектарнасцю і дыверсіфікацыяй, ладзіць усялякія адлігі ў грамадскім сектары і аслабляць задушэнне нацыяналізму. Змена вектара не засталася незаўважанай, і Расея пачала даціскаць Беларусь у плане колішніх абавязацельстваў па саюзнай дзяржаве, па крэдытах, ільготах, па нафце, газе і г.д. Пачалася эпапея з узгадненнем “дарожных картаў”, якая суправаджалася перыядычнымі палётамі Лукашэнкі да Пуціна і крыкамі “нас усіх здалі” у мясцовых СМІ і СМІ суседзяў. З картамі цягнулі і цягнуць доўга. Такія вось гразкія перамоўшчыкі з беларускага боку.

Расея ўжо тады пачала заганяць Беларусь у кабалу. Якраз таму Беларусь і пачала дыверсіфікаваць свае грашовыя патокі. Пра тое, што РФ будзе захопліваць незалежныя краіны рознымі метадамі, у тым ліку эканамічнымі, напісана даўно. Праграмны артыкул “Пра расейскі імперыялізм і яго небяспеку” Зянон Пазняк апублікаваў на пачатку 1994 года, за паўгода да абрання Лукашэнкі прэзідэнтам. Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, прывязаў Беларусь да Расеі эканамічнымі сувязямі. Ці то яму было лягчэй па накочанай каляіне, ці то ён эксплуатаваў рэваншысцкія настроі Крамля, заляцаючыся з лозунгамі пра дружбу народаў, ці то расчышчаў глебу для будучага ўступлення на расейскі трон – але рабіў ён гэта вельмі доўга і з гэтым багажом прыйшоў да крымскай вехі.

І ўлада Лукашэнкі, і існаванне Беларусі зараз у вялікай ступені засноўваецца на грошах. Завязваць грашовыя патокі на адной краіне, прытым той, якая мае імперскія планы, – крытычная рызыка. І ў той жа час гэта статус-кво, данасць, з якой трэба лічыцца. Якраз таму Беларусі і патрэбныя новыя сувязі, новыя кантракты, новыя заробкі – каб не залежаць ад манапаліста.

Міжнародная дыспазіцыя такая. Спачатку Захад нармальна супрацуе з Беларуссю, шле сустрэчныя сігналы накшталт “Няблага было б Лукашэнку стаць такім, як Ціта адносна Сталіна”, дапамагае ў нафтавых кантрактах з дапамогай камбінацый на біржах, свопах і іншых хітрых аперацыях транснацыянальнай эканомікі, цудоўна разумеючы, што Беларусь пад прэсінгам і яе фінансавая незалежнасць пад пагрозай. Захад цудоўна бачыць намер Расеі з’есці Беларусь. Праз пэўны час усё мяняецца, Захад слепне, забывае, што Беларусь ратуецца ад Расеі і лічыць яе практычна з’едзенай Расеяй. Рэзка згортваецца супраца і крокі насустрач, геапалітычныя выгады незалежнай Беларусі адмятаюцца, пры любой нагодзе уводзяцца санкцыі. Асабліва ў сувязі з інцыдэнтам з Ryanair, у якім былі задзейнічаны ФСБшнікі, якія здалі Пратасевіча і якія, паводле меркавання швайцарскага эксперта, і пісалі фальшыўку ў аэрапорт з падказкай пра дэлегата Дэльфійскага форуму (калі б фальшыўку пісалі беларусы, яны сабе не падказвалі б). Урэшце ІКАО не можа высмактаць з пальца прэтэнзій і доказаў дагэтуль, адкладае разгляды, а санкцыі і блакада Беларусі цягнецца.

Нельга сказаць, што між Захадам і Расеяй “проста супала”, што эканамічны байкот Беларусі пачаўся тады, калі ён ёй найбольш нявыгадны з-за расейскага ціску. Захад усё ведаў. Можна гадаць, якімі бізунамі і пернікамі Расея стымулюе такія зладжаныя паводзіны Захаду, аднак выразна іх логіку можна зразумець на прыкладзе Украіны. Майдан, акупацыя Данбасу і захоп Крыму таксама пачаліся з эканамічных ініцыятыў Захаду. Украіна хацела ўступіць у эканамічную асацыяцыю з ЕС, насуперак гэтаму Расея спакушала Януковіча сваімі вялізнымі крэдытамі, каб не ішоў да ЕС. Потым – самы ведаеце. Гэтыя падзеі Расея ўспрыняла як экспансію Захаду, парушэнне нейкіх ранейшых дамоўленасцяў або сваіх чаканняў, таму зрабіла свой контрудар. Па гэтай жа логіцы і наладжванне Захадам адносін з Беларуссю для Расеі – такая ж экспансія і вырыванне Беларусі, таму Расея і супрацьдзеіць. Дамовілася яна з Захадам на словах ці націснула на яго, ці падкупіла, ці зрабіла якісь бартар – нюансы. Можна зыходзіць з таго, што Расея паказала Захаду непрымальнасць стымулявання Беларусі і што ён паслухмяна згадзіўся.

Разгледзім беларускія бакі працэсу. Гэта тыя беларускія палітыкі, якія адначасна транслююць Захаду пасылы пра санкцыі, “агучваюць” іх для фармальнасці як прадстаўнікі народу – і ў той жа час вядуць перамовы з афіцыйнай Расеяй. Давайце не будзем іх называць здраднікамі адразу, а разбярэмся дэталёва. Па-першае, яны аргументуюць, што ў Беларусі ад Расеі шмат залежыць і таму з такім партнёрам і цяперашняму, і будучаму кіраўніку трэба дамаўляцца. Па-другое, яны дэманструюць Расеі, што яны больш дамоваздольныя, больш прадказальныя, больш сумленныя за сённяшняга Лукашэнку.

Добра, дапусцім. Ёсць аб’ектыўныя фактары, якія могуць не падабацца, але з якімі трэба лічыцца. У Нідэрляндаў ёсць мора, якое іх падтоплівае, супраць яго не пойдзеш. Але ёсць яшчэ і суб’ект, за чые інтарэсы палітыкі змагаюцца. У Нідэрляндаў суб’ект  – самы Нідэрлянды і іх жыхары, а мора – аб’ект, стыхійны такі. У Беларусі суб’ект – сама Беларусь і яе народ, а Расея – не стыхія, а іншы суб’ект са сваімі інтарэсамі. Дзе ў развагах новых сяброў Расеі – гэтых усіх штабістаў – інтарэсы беларусаў у параўнанні з інтарэсамі расейцаў? Яны кажуць, што з Расеяй як з аб’ектыўнасцю не варта сварыцца, яны кажуць, што Расеі трэба паказаць нейкую сваю нармальнасць – і тады яна дазволіць ім кіраваць або зробіць на іх стаўку. Ці разумеюць яны, што кажуць пра гатовасць служыць інтарэсам Расеі? Ці разумеюць яны, што служыць інтарэсам Расеі так, каб падабацца Расеі, больш чым падабаецца Лукашэнка, – гэта служыць дзеля стратаў Беларусі?

Проста паглядзіце з эканамічнага гледзішча, паводле схемы рэйдарскага захопу. Беларусь мае даўгі, абавязкі, абяцанні і г.д. перад Расеяй. Яны ёсць пры цяперашнім рэжыме, яны застануцца пры наступным. Зараз Расея цісне на Беларусь, каб канверсаваць гэтыя фінансавыя цяжары у геапалітычны эквівалент – каб пазбавіць Беларусь суверэнітэту за даўгі. Яна будзе рабіць гэта і пры новым кіраўніку. І калі Вячорка-малодшы або Ціханоўская кажуць, што абавязкі і даўгі, якія нарабіў перад Расеяй Лукашэнка, новая ўлада Беларусі сплаціць і нават будзе больш карыснай для Расеі, то я маю пытанні да іх:

  • А ў чым ваша карысць для Беларусі?
  • Ці разумееце вы з гэтых размоў, што Расея выгрызае зубамі свой дзяржаўны інтарэс, а не дапамагае беларускаму народу ў яго лепшай долі?

Здаецца, гэта ж элементарна. Калі Расея – сяброўка беларусам, дык хай даруе нам даўгі. Калі вы лічыце Лукашэнку падонкам, спішыце з нашага народа яго памылкі перад Расеяй. Але дзяржаўныя мужы, якія клапоцяцца пра тое, як несці грошы ў скарбонку сваёй краіны, здаецца толькі на расейскім баку стала (або экрана ў Zoom).

Як бы я хацеў, каб беларускі палітык сказаў “Мы не будзем аддаваць даўгі, якія нарабіў злачынец Лукашэнка”. Гэта быў бы подзвіг калі не Уга Чавеса, то, прынамсі, Ісляндыі. Мроі… Але нешта не чуваць і годных фармулёвак пра тое, што новая ўлада паклапоціцца пра даўгі перад іншымі краінамі ў той ступені, у якой гэта найменш шкодзіць беларускаму грамадству і суверэнітэту. Нешта не чуваць фармулёвак, адрасаваных менавіта беларусам. Беларусы не разглядаюцца.

Паводле логікі даўжніка і крэдытора выглядае, што ёсць людзі, якія хочуць скінуць з улады бягучага даўжніка, каб стаць новым даўжніком. Яны рэкламуюць сябе крэдытору як лепшага даўжніка, лепшага выканаўцу абавязкаў. Іх стаўка – не на грамадзян сваёй краіны, якія ў той ці іншай ступені пяроймуць гэты доўг, а на ліхвяра, які трымае краіну і народ у кабале. Яны прапануюць ліхвяру больш выгадныя ўмовы – але больш выгадныя самому ліхвяру. *Мяркую, гэта вычарпальнае тлумачэнне, чаму гэтыя людзі выступаюць у якасці здраднікаў?*

Але можна і пашырыць. Ёсць такі панятак “канфлікт інтарэсаў”. У вялікім бізнесе з гэтым сур’ёзна. Калі супрацоўнік ці дырэктар адной карпарацыі афіляваны з іншай, напрыклад, мае сяброў, сваякоў, яе акцыі, або гэта яго мінулая праца і г.д. і да т.п., то можа ўзнікнуць канфлікт інтарэсаў. Ён будзе менш спрыяць сваёй бягучай карпарацыі і ў нечым дапамагаць той іншай. Чалавек, афіляваны з Pepsico, будзе мець канфлікт інтарэсаў падчас працы ў Coca-Cola. Можаце падставіць Intel і AMD. А можаце – Nokia і Microsoft. Помніце, як CEO Nokia загубіў легендарную кампанію, прадаўшыся Microsoft’у? Дык вось у электаральна-рэйдарскай гісторыі Расеі і Беларусі ёсць адно, выбачайце за каламбур, тлустае ўвасабленне канфлікту інтарэсаў.

Расея і Беларусь – зацятыя канкурэнты. Беларусь выгрызае магчымасці захавацца. Расея выгрызае саму Беларусь. Усе чулі пра Грузію, Данбас і Крым. Усе бачылі ланцугі за незалежнасць Беларусі. Усе чулі пра гадавіны БНР і ўбачылі рэнесанс бела-чырвона-белых сцягоў, Пагоні і вышыванкі яшчэ да таго, як гэта стала “невероятным”. І тут 2020 год, выбары, і галоўны кандыдат – хто б вы думалі? Галоўны клерк філіяла дзяржаватворчай карпарацыі Расеі, яе стрыжня і хрыбта – Газпрама.

Логіка канфлікту інтарэсаў падказвае, што ва ўмовах рэйдарскага захопу гэтая асоба – проста чырвонае святло і чырвоны ровень небяспекі. Захоп, які робіцца камерцыйнымі метадамі, без сумнення будзе працягвацца камерцыйнымі метадамі. Чалавек, які дваццаць з нечым гадоў лаяльна служыў карпарацыі, не лез у палітыку, не наракаў на адсутнасць мінімальнага пакета акцый, – гэта суперлаяльны да карпарацыі чалавек, гэта яе рука і яе агент. Сама карпарацыя “Газпрам” таксама – гэта ўвасабленне суседняй краіны. Гэта яе блакітная паходня свеціць на экранах у рэкламе, гэта яе Чарнамырдзін зрываў імпічмент у Беларусі ў 1996 годзе і ён жа прасоўваў расейскую экспансію ва Украіне, гэта яна падкупіла Шродэра і не яго аднаго ў Германіі.

І пры нагодзе гэты клерк, Віктар Бабарыка, адкрыта агучвае перспектывы Беларусі – яна не выжыве эканамічна, а калі ўвойдзе ў склад Расеі – людзі толькі ўсцешацца. Гэта не проста настрой ці бачанне прыватнага чалавека, гэта пазіцыя карпарацыі, якая ў сваю чаргу з’яўляецца пазіцыяй краіны – Расеі. Банальная карпарацыйна-камерцыйная логіка, і ажно дзіўна, няўжо ў “штабах” толькі мастакі вясёлых калажаў і няма эканамістаў?

Можаце, колькі хочаце, казаць, што няма доказаў, што домыслы, што канспіралогія, што рэжым хлуслівы, каб ігнараваць праблемную сувязь Бабарыкі і Газпрама. Але ў бізнесе з ацэнкай канфлікту інтарэсаў спадарожнічае ацэнка рызык. І ў ёй дзеюць не даведкі з пячаткамі ці расшыфроўкі паліграфа, а імавернасці. *Калі вы не бачыце гэтую крытычную імавернасць і гэтае зашкальванне рызыкі, то вам не месца нават сярод спецыялістаў па выдачы крэдытаў.*

Але якая сувязь між штабамі і Бабарыкам, ці не мажу я ўсіх адной фарбай? Сувязь непасрэдная. Расея хоча непасрэдна Бабарыку. Яна пра гэта дамаўляецца з беларускімі ўладамі, пра што потым гаворыць Латушка і дае тлумачэнні НН. Пра яго прагаворваецца Bloomberg. На яго «тоўста» намякае Ціханоўская, маўляў, а потым мы выберам менеджара (і гэта не пра яе мужа). І ніякі Вячорка гэтаму не пярэчыць. І ад іх будуць патрабаваць чалавека, вернага інтарэсам Расеі і яе карпарацыі.

Таму, колькі б не гулялі ў дыпламатыю наіўныя хлопчыкі, думаючы, што падладжваннем да крэдытора яны змогуць яго перагуляць, іх вядуць да таго, каб да ўлады прыйшоў лаяльны і дысцыплінаваны выканаўца карпарацыйных каштоўнасцяў, які даказаў сваю вернасць двума дзесяцігоддзямі супрацы і публічна агучыў курс на здачу Беларусі Расеі.

Хай гэтыя хлопцы ў душы не здраднікі. Усе мы помнім іх моўныя шоу, іскрамётны піяр і вясёлыя (хоць часта і прымітыўныя) калажы пра беларушчыну. Помнім даволі патрыятычную біяграфію. Матывацыю іх з першага разу зразумець цяжка, а потым відаць, якая яна пакручастая. Але незалежна ад таго, злы намер гэта або наіўнасць, негатыў у тым, што такім дрэнным прыкладам псуюцца беларускія патрыёты, беларускія нацыяналісты. Той, хто мусіў быць ім прыкладам, паказвае ім толькі тое, што трэба ніжэй прагнуцца перад ліхвяром, каб здабыць яго ласку. Паказвае, што трэба прадацца танней, каб адышоў цяперашні даўжнік. На гістарычным пераломе гэта непрымальна.

З зачараванага кола залежнасці перад Расеяй трэба выходзіць. Некалі ў яе ўступіў Кебіч. Потым у яе ўступіў Лукашэнка. Будзе ганебна, калі новы кіраўнік Беларусі ўзмоцніць гэтую брыдкую практыку (калі Беларусь захаваецца і калі ў яе будзе кіраўнік!). Некалі краіны Балтыі вытрымалі ціск Расеі і перажывалі марозныя зімы, бо ў іх народаў хапіла волі пры недахопе грошай. Сённяшнія беларускія штабы не выхоўваюць волі і не робяць на яе стаўку, а культывуюць ганебнае поўзанне перад ліхвяром. Маўляў, мы вінныя Расеі – яна мае права намі камандаваць. Ці надыдзе некалі выхад з рабскай пазіцыі? Ці здарыцца цуд, як у фільме “Адважнае сэрца”, калі шатляндцы перасталі поўзаць перад ангельцамі?

Асобна скажам і пра Мацкевіча. Ён распісаў, як Расея будзе праводзіць рэйдарскі захоп Беларусі. Ён абазначыў эканамічнае задушэнне як перспектыўны сцэнарый аншлюсу. І ў адказны момант гэты чалавек, які хваліўся, як ён кансультаваў бізнесменаў, не заўважыў нічога дзіўнага ў тым, што на выбарах вылучаецца Бабарыка. “Бабарыка звар’яцеў?” або “Я не думаю, што ён стаўленік Масквы” – казаў той, хто нядаўна крычаў, што «рускія ідуць» і звяртаўся да Лукашэнкі з папярэджаннем, што рускія плануюць рэйдарства. Нагадвае “Джэнтльменаў удачы”. Тут помню, а тут не помню. Вось жа ён, веснік рэйдарскага захопу, пад носам. Deus ex Gazprom у плоці. Таму калі публічныя спецыфікацыі Уладзіміра Уладзіміравіча спраўджваюцца, то гэта сведчыць пра яго вялікі талент. Але калі ён не прызнае ўласных прадказанняў, то тут трэба падумаць пра яго матывацыю і на чыім ён баку. І перачытаць усе ранейшыя “катрэны” Юстаса нябачнаму Алексу.

Што да Захаду, то ён яшчэ можа дапамагчы Беларусі. Пасіўнае спрыянне Расеі па здушэнні Беларусі можа зацягнуцца, і за гэты час Захад можа адчуць яшчэ больш таксічныя наступствы, чым зазнаў дагэтуль. Некалі Беларусь паставіла на месца Бабіча, які пагражаў Захаду і правакаваў яго паводзіць НАТО да граніц. Беларусі гэтага не трэба было. Тады афіцыйныя ідэолагі агучылі дактрыну “стратэгічнага перадполля”, г.зн. Беларусь выступала буферам на падыходах НАТО да Расеі. Няўжо Захад гэтага не ацаніў і хоча атрымаць востры таран замест мяккага буфера?

Беларусь сапраўды зараз у вялікай залежнасці ад Расеі, што відаць па паводзінах не толькі Лукашэнкі, але і пратэсных штабоў, якія не здолелі прыдумаць нічога лепшага за працяг стаяння на каленях. Але калі Захад лічыць, што зробіць лепей, упіхваючы Беларусь у Расею, то ён як бы суне нос у грашовыя спрэчкі скандальнай парачкі, што жыве па суседстве. Будзем шчырымі – у Беларусі свой кашалёк. Гаспадарчыя спрэчкі, даўгі і падобнае – жыццёвыя акалічнасці, якія вырашаюцца. Беларусь не імкнецца стаць рабыняй Расеі, і спрыяць такому, так сказаць, эканамічнаму насіллю, – значыць рабіцца ворагам Беларусі. І тым горш для ворагаў Беларусі, бо ў выпадку аддачы яны не будуць ведаць, ад каго яна прыйшла – ад Беларусі ці ад Расеі.

Кожная краіна мае сваю спецыялізацыю, свой асноўны заробак. Калі ў яе моцная прывязка да пэўнай краіны, то яна можа стаць як яе целаахоўнікам, так і яе галаварэзам. Даволі розныя прафесіі, між іншым. Як буфер і таран. Вядома, рызыкоўна ўзбагачаць кагось, хто мае галоўнага кармільца, які бачыць ў любым спрыянні спробу падкормлівання і пераваблівання. Аднак і ландскнехт, калі адчуе, што яго хочуць зрабіць рабом, можа натварыць бяды. Але я не думаю, што ў часы, калі транснацыянальныя карпарацыі дзеляцца грашыма і абавязацельствамі шляхам хітрых узаемазалікаў і электронных камунікацый, для ландскнехта не знайшлося б падпрацоўкі. Магнатам ён не стане, але ўжо ж не раб.

І ўвогуле было б казкай, калі б нехта дапамог Беларусі пазбавіцца кабальных абавязацельстваў перад лютым ліхвяром. Зусім неабавязкова перадаваць грошы дыктатару ў рукі. Можна і самому ліхвяру, узяўшы на сябе доўг Беларусі. У кожным разе, не таму, у каго канфлікт інтарэсаў напісаны на твары. *Не трэба Беларусі лёс Нокіі.*

А ўвогуле Беларусь міралюбная краіна. У Менску яшчэ перамовы пра Данбас былі. Цяпер іх па імені нашай сталіцы і называюць.

Віталь Станішэўскі