Як працуе штаб „Народнага галасавання”?



Выканаўца абавязкаў каардынатара штаба „Народнага галасавання” Аляксей Сігаеў распавёў пра працу, якую ім даводзіцца праводзіць у гэтыя дні.

Аляксей Сігаеў: Што б ні казалі, а мы можам ганарыцца, як у нас праходзіць галасаванне і працэдура падліку галасоў. Усё адкрыта і сумленна, чаго не скажаш пра выбары, якія ладзіць Цэнтрвыбаркам. Ніхто з кандыдатаў прэтэнзіі не выказвае таксама, тым больш, усе працэдуры мы папярэдне распрацоўвалі разам.

РР: Што ўваходзіць у абавязкі штаба?

Аляксей Сігаеў: Цалкам уся арганізацыя мерапрыемстваў. У штабе працуюць інфармацыйны аддзел, кантрольна-арганізацыйны і аналітычны, і ў кожнага свае функцыі.

Арганізоўваем паездкі, сустрэчы і галасаванне кандыдатаў у рэгіёнах, складаем маршруты. Таксама ідзе праца над складаннем ініцыятыўнай групай адзінага канждыдата, у тым ліку, і з тых людзей, якія прымалі ўдзел у галасаванні. Аналітыкі працуюць над стварэннем праграмы адзінага кандыдата, пазней яна з’явіцца на сайце, і ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у яе абмеркаванні.

РР: А ці будзе створаны сайт адзінага кандыдата?

Аляксей Сігаеў: Спадзяюся, што будзе, але пакуль гэтае пытанне яшчэ не абмяркоўваецца. На гэты момант наша задача – добра прайсці працэдуру народнага галасавання.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя