Як супрацьстаяць расейскай прапагандзе?



Інфармацыйная небяспека для Беларусі набывае ўсё больш злавесныя формы. Пасля публікацыі 28 „дарожных мапаў”, якія пагадзіліся выконваць Пуцін з Лукашэнкам, стала бачна, у якім кірунку развіваецца гэтак званая інтэграцыя. Хаця і без канкрэтных датаў выканання, беларускі спажывец медыяпрасторы ўсё больш прывязваецца да „рускага свету”, што можа скончыцца стратай беларускай нацыянальнай тоеснасці.

Што можна зрабіць беларусам, як супрацьстаяць магутнай машыне расейскай мяккай прапаганды? – кажа перакладчык Віталь Станішэўскі:

– За гэты год шмат змянілася з боку ўлады. Яна змяніла інфармацыйнае поле, але варта было б звярнуць увагу і на апошнія пяць з нечым гадоў. Была іншая хваля, прыйшлі новыя блогеры, пачалі агучваць розныя тэзісы, у тым ліку незалежніцкія. Яны моцна змянілі свядомасць, пачалі мяняць. Пасля таго, як здарыліся гэтыя выбарчыя, паслявыбарчыя падзеі, „гайкі пачалі закручваць”, пад корань пачалі вынішчаць грамадзянскую супольнасць. Многія СМІ таксама былі знішчаны, тут такое пустое поле і вельмі вялікі дыктат дзяржаўных СМІ. Зараз пануе дзяржаўная медыясфера. Тым не менш застаюцца незалежныя журналісты ў пэўнай колькасці, але з гледзішча незалежнасці тут сітуацыя сапраўды вельмі дрэнная, сумная. Новага, альтэрнатыўнага да дзяржавы паўстаць не паспела, або тое, што паспела, яно выкарчавана. Дзяржава свайго такога не стварае. 

РР: Ці так істотна змянілася беларускае насельніцтва па свайму расейскаму наратыву?

– Вядома, што беларускамоўнае кола было не вельмі шырокае. Тым не менш за апошнія некалькі гадоў па розных напрамках узніклі розныя такія колы, у тым ліку рускамоўныя, арыентаваныя на прапаганду гісторыі, незалежнасці. Напрыклад, на гэты праект Пальчыса „1863” ды іншыя некаторыя, яны таксама раскручвалі на такую тэматыку добра. Былі і іншыя, напрыклад кнігі пра ВКЛ, у тым ліку на расейскай мове Тараса і Дзеружынскага. Пра іх гістарычную вартасць можна спрачацца, часам там перагібы, але яны таксма паўплывалі на выхаванне незалежніцтва. Таксама нейкія тонкія акцэнты дадавалі дзяржаўныя СМІ, што знешне было не вельмі заўважна, але тым не менш фармавалі адасабленне ад Расеі.

РР: Ці вам не здаецца, што на дзяржтэлебачанні з’явіліся новыя перадачы па-беларуску?

– Нешта я апошнім часам, калі шчоўкаю каналы на тэлевізары, я толькі ўначы бачу нешта. Мне здаецца паменшала беларускай мовы на тэлебачанні. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Ужо зараз расейскім сегментам інтэрнэту карыстаецца больш за 90% грамадзянаў краіны. Супрацьстаяць гэтаму могуць толькі людзі са свядомым выбарам, аналітычным розумам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Медыя-служба Грамадскага руху „Дзея”