Якія плюсы і мінусы ініцыятывы па стварэнні партыі «Разам»?



Палітык Анатоль Лябедзька распавёў, чаму гэтая ініцыятыва не вельмі своечасовая.

Нагадаем, што днямі члены штаба экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі аб’явілі аб стварэнні палітычнай партыі «Разам». Пасля гэтага ў бок ініцыятывы прагучала шмат крытыкі.

Анатоль Лябедзька: Я гляджу на сітуацыю як эксперт з аналітычным ухілам і бачу ў сітуацыі як плюсы, так і мінусы. Сама заяўка на стварэнне палітычнай арганізацыі – гэта, безумоўна, плюс.

А мінус у тым, што частка людзей успрыняла гэтую ініцыятыву, як наступ на агульнае адзінства, якое існавала. Стварэнне пэўных фракцый можа стварыць праблему для адзінства ўсіх.

РР: Многія кажуць, што гэта не самы эфектыўны крок каманды Віктара Бабарыкі…

Анатоль Лябедзька: Таксама так лічу. Калі раней штаб Бабарыкі дзейнічаў і заяўляў ад імя ўсіх (альбо амаль усіх) пратэстоўцаў, то зараз яны звужаюць тую групу, ад якой могуць нешта заяўляць і рабіць, да нейкай фіксаванай колькасці людзей. Толькі тых, хто да іх запішацца ў арганізацыю. З гэтага пункта гледжання гэта не крок да развіцця, а звужэнне сваіх магчымасцяў і электаральнага поля.

Што датычыцца нейкіх далейшых дзеянняў, то тут усё будзе залежыць ад таго, наколькі новая структура будзе трымацца павесткі, якая ўжо сфармавана. Яна ўключае ў сябе тры пункты. Першы – вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і расследаванне злачынстваў, якія ўчынілі сілавікі. Другі – зыход Лукашэнкі і так званых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Трэці пункт – правядзенне новых сумленных выбараў.

Калі партыя будзе трымацца гэтай павесткі, то ўсё будзе нармальна, і ўсё стане на свае месцы. Толькі заявы яны ўжо будуць рабіць не ад імя ўсіх, а толькі ад імя сябраў сваёй арганізацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя