Ярмошына анансуе магчымыя змены ў выбарчым заканадаўстве



Міжведамасная рабочая група распрацавала кірункі, па якіх будуць выконвацца рэкамендацыі АБСЕ па змене выбарчага заканадаўства. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Яна расказала, што пасяджэнне міжведамаснай групы адбылося 31 студзеня ў Мінску. У ім бралі ўдзел старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, якія не ўваходзяць у яе склад, але падавалі прапановы па папраўках у заканадаўства.

„Яны актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі, падавалі рэплікі, карысталіся ўсімі правамі астатніх членаў групы”, — сказала кіраўнік ЦВК.

У ходзе пасяджэння, паведаміла Ярмошына, былі абмеркаваны прапановы АБСЕ, ГРЭКА, БХК і Канапацкай. „Цяпер мы рыхтуем ліст у адрас кіраўніка дзяржавы па кірунках, якія будуць прапанаваныя ў якасці шляхоў па змяненні выбарчага заканадаўства”, — сказала яна, адзначыўшы, што дакумент будзе накіраваны Лукашэнку ўжо заўтра.

Першым кірункам змяненняў у Выбарчы кодэкс Ярмошына назвала ўвод у яго норм, якія дзейнічалі падчас парламенцкіх выбараў 2016 года ў выглядзе пастаноў і рэкамендацый ЦВК. Яны тычыліся фарміравання выбарчых камісій шляхам рэйтынгавага галасавання, парадку размяшчэння назіральнікаў на выбарчых участках і асаблівасцяў перадвыбарчай агітацыі.

Таксама рабочая група хоча прапанаваць увядзенне ў закон інстытута члена акруговай і тэрытарыяльнай камісіі з правам дарадчага голасу не толькі для прадстаўнікоў палітычных партый, але і для кандыдатаў на выбарныя пасады. Акрамя таго, мяркуецца абмежаваць прысутнасць дзяржчыноўнікаў высокага ўзроўню ў камісіях, распаўсюдзіць забарону на ўключэнне ў іх не толькі кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, але і іх намеснікаў і кіраўнікоў падраздзяленняў, за выключэннем ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы.

Рабочая група таксама будзе прапаноўваць норму, якая дазволіць вылучаць палітычным партыям і грамадскім аб’яднанням у выбарчыя камісіі не толькі сваіх членаў, але і прадстаўнікоў праз любыя свае арганізацыйныя структуры.

Таксама група прапаноўвае спрасціць парадак рэгістрацыі кандыдатаў на выбарныя пасады. „Лічым, што памылкі ў дэкларацыі не павінны з’яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Яны будуць выпраўляцца, як і недакладныя біяграфічныя дадзеныя”, — сказала Ярмошына.

Акрамя таго, група хоча прапанаваць „суцэльную праверку подпісаў, прадстаўленых для вылучэння кандыдата, з выключэннем чалавечага фактару, гэта значыць праз МУС на аснове электроннага рэгістра насельніцтва”.

Ярмошына адзначыла, што рабочая група ўлічыла каля 50% рэкамендацый АБСЕ. Распрацаваныя камісіяй кірункі будуць разгледжаны кіраўніком дзяржавы, пасля чаго ён дасць даручэнні, якія будуць рэалізаваны ў выглядзе нормаў праекта закона. Пры гэтым Ярмошына адзначыла, што не варта казаць аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства. „Яно будзе змяняцца, але казаць аб поўнай яго рэформе было б перабольшаннем”, — дадала кіраўнік ЦВК.

БелаПАН